Еўропа заблакуе ўвоз тавараў, вырабленых у беларускіх калоніях


Таварам, вырабленым з прыцягненнем прымусовай працы няма месца на рынку Еўрапейскага Звязу. Еўрапейскі парламент і Рада Еўропы дасягнулі папярэдняга пагаднення аб забароне продажу і экспарту прадукцыі, вырабленай неэтычным шляхам. Тавары будуць залучацца ў адмысловую базу вытворцаў, якая між іншага будзе абапірацца на справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Крытэрамі стануць маштаб і цяжар прымусовай працы ды яе доля ў канчатковым прадукце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Міжнароднай арганізацыі працы, пад прымусовую трапляе любы від працы ці службы, які выконваецца пад пагрозаю пакарання ці нядобраахвотна.

Забарону на выкарыстанне прымусовай працы ўстанавіў шэраг міжнародных актаў:

– Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (артыкулы 4 і 23).

– Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 8).

– Канвенцыя аб рабстве.

– Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы аб прымусовай і абавязковай працы.

Кантроль за прадукцыяй у Еўразвязе будуць ажыццяўляць кампетэнтныя органы кожнай асобнай краіны. Ацэньваць тавары з трэціх краінаў будзе адмысловая група Еўракамісіі. Калі дакажуць, што нейкі прадукт створаны з прыцягненнем прымусовай працы, яго здымуць з продажу ці ўтылізуюць.

«Калі частку аўтамабіля вырабілі з выкарыстаннем прымусовай працы, то давядзецца ўтылізаваць менавіта гэтую частку, а не ўсю машыну. Вытворцу аўтамабіляў давядзецца знайсці новага дастаўцу гэтай дэталі або пераканацца, што яе не вырабляюць з выкарыстаннем прымусовай працы. Аднак, калі памідоры для падлівы вырабляюцца з выкарыстаннем прымусовай працы, увесь соус давядзецца ўтылізаваць». – тлумачаць у прэсавай службе Рады Еўропы.

Новыя еўрапейскія абмежаванні могуць закрануць і Беларусь. У прыватнасці прадукцыю прадпрыемстваў, што супрацоўнічаюць з папраўчымі ўстановамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночая калонія.
Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by

«Праца ў калоніях – гэта не сродак выпраўлення злачынцаў у турмах, як мусіць быць і як запісана ў крымінальна-выканаўчым кодэксе. Гэта, на жаль, сродак катавання ў беларускіх турмах. Да гэтай працы прыцягваюць нават хворых людзей, і адмовіцца ад яе няма ніякай магчымасці», – кажа праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк.

Вязняў беларускіх турмаў прыцягваюць да вытворчасці разнастайных тавараў: ад побытавых дробязяў і вопраткі, да мэблі і прадукцыі дрэва- і металаапрацоўкі. Летась Дэпартамент выканання пакаранняў адкрыў фірмовую краму, у якой прадаюцца вырабы, зробленыя рукамі вязняў. Але часта турэмнае паходжанне тавару не афішуецца.

«Часцей за ўсё гэта адбываецца так, што ёсць нейкая дамова з нейкай фірмай дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Фірма дае пэўны запыт, што нам патрэбна гэта і гэта. Ёсць пэўная промка – прамысловая зона на тэрыторыі калоніі. І на гэтай тэрыторыі вырабляецца невялікая, не вельмі цяжкая ў апрацоўцы дэталь», – тлумачыць праваабаронца Алесь Буракоў.

Цяпер жа беларускія тавары, што ідуць на экспарт у Еўропу, зробяцца аб’ектамі дадатковага правярання на наяўнасць складніку прымусовай працы.

«Сам факт асуджэння і працы ў зняволенні не зʼяўляецца парушэннем міжнароднага права, але калі мы кажам пра беларускую сітуацыю, то маем палітычна матываваныя рашэнні, маем палітычных зняволеных, а значыць, гэта неправасудныя рашэнні. Тут мы ўжо можам казаць пра факт прымусовай працы. Гэта сотні мільёнаў еўра, гэта больш як 20 краінаў, куды пастаўляецца прадукцыя зробленая фактычна палітвязнямі», – кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Пасля папярэдняга ўзгаднення праект захадаў для супрацьдзеяння выкарыстанню прымусовых працаў мусяць афіцыйна зацвердзіць дэпутаты Еўрапарламенту і кіраўнікі краінаў Еўразвязу.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»