Грошы скрозь пальцы: упалі ЗВР і даходы бюджэту

Асноўная прычына штомесячнага зніжэння золатавалютных рэзерваў Беларусі – недавер насельніцтва да дзяржавы і яе банкаў – лічаць эксперты «Белсату». Валюты, каштоўных металаў і камянёў у скарбніцы Нацбанку паменшала амаль на 5 адсоткаў з пачатку года. А дзірка ў бюджэце – Br 5,6 млрд. Ці спыніцца гэты працэс, і што будзе, калі не?

Перад выходнымі ў крамах мітусня. У кошты на харчы даводзіцца ўзірацца, каб змясціцца ў бюджэт. Пакупнікі з Віцебску кажуць:

«Цэны ж павысіліся на ўсё. А што ў нас пенсіянераў пенсія маленькая».

«Рубель упаў у адносінах да долара. Гэта ўсё бачна. Ідзем мы да дрэннага».

«Нам давядзецца трываць. Мы людзі вольныя, як кажуць. Будзем трываць».

Эканамічны спад беларусы ўжо адчулі на сабе. Аналітыкі ж канстатуюць, што грошай у Беларусі – не хапае. Расце інфляцыя і дэфіцыт бюджэту. Золатавалютныя рэзервы – упалі – паведаміў Нацбанк.

На пачатку года рэзервы Беларусі складалі $ 7 млрд 468,5 млн. Цягам двух месяцаў знізіліся на $ 354 млн, гэта 4,7 %. Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на канец года міжнародныя актывы маюць складаць не менш за $ 6 млрд. То бок Урад дапускае зніжэнне яшчэ больш чым на мільярд. Да крытычнай рысы застанецца $ 900 млн – звяртае ўвагу кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса і тлумачыць, за кошт чаго адміністратыўны апарат Лукашэнкі будзе трываць.

«Усе тыя выдаткі, якія мы робім, будуць абкладацца большымі падаткамі – гэта адна крыніца. Другая крыніца – гэты жыццё за кошт будучых пакаленняў праз крэдыты. І трэцяя, відавочная, гэта інфляцыйны падатак і дэвальвацыйны падатак», – кажа Яраслаў Раманчук.

Вось толькі крэдытаваць дзейную ўладу не спяшаецца нават Расея. Пасля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка заявіў, што пра крэдыт яны не вялі і гаворкі. У лютым прэм’ер-міністр Галоўчанка казаў, што Беларусі патрэбна BR 200 млрд, каб выйсці на параметры росту ў новай пяцігодцы. Магла б уратаваць прыватызацыя, але распачынаць яе трэба было раней – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«Пакупнікі, у прыватнасці з Расеі, гандлююцца і даюць маленькую цану, разумеючы цяжкае становішча прадаўца. Калі б была канкурэнцыя, напрыклад, з Захаду, то можна б было прадаць некаторыя прадпрыемствы паводле добрага кошту».

Бізнесоўцы з заходняга боку не ідуць у Беларусь, у якой інвестыцыйны клімат застаецца непрадказальным. Не збіраецца, прынамсі на паказ, гандляваць вытворчасцямі і Лукашэнка:

«Прапановы па варыянтах расчысткі даўгоў… Ідэі разарваць прадпрыемствы на кускі, а затым раздаць па банках – Белгазпрамбанку, Альфабанку і іншых – я расцэньваю як антыдзяржаўныя».

Таму ратаваць эканоміку будуць з гаманцоў працоўных і пенсіянераў. Не толькі за кошт інфляцыі і ўзмоцненага падаткаабкладання… На пачатку лютага беларусы трымалі амаль Br 22 млрд на дэпазітах. Неабачліва – лічыць Яраслаў Раманчук.

«Пытанне добрае, на што яны спадзяюцца і на кім хочуць зарабіць? Або яны з тых людзей, якія кажуць «Бяры, дзяржава, грошы, выкарыстоўвай як хочаш, нам не патрэбна». Брак ведаў – гэта той актыў, які без сарамліва выкарыстоўвае дзяржава», – рэзюмуе эканаміст.

Сёння таксама Мінфін апублікаваў звесткі – па стратах бюджэту. Дзірка ў ім – Br 5,6 млрд. Гэта сума толькі на Br 600 млн меншая за гадавы даход ад экспарту калійных угнаенняў, палічыла Радыё Свабода. Гэта азначае непазбежны ўдар па бюджэтных праграмах і даходах (або скарачэннях) у галіне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама