10 год калоніі ўзмоцненага рэжыму за наезд на супрацоўніка ДАІ. Хроніка рэпрэсіяў 5 сакавіка


Бізнесовец з Менску Аляксандр Троцкі атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яму інкрымінавалі замах на забойства.

Паводле абвінавачання, 12 жніўня мужчына правёз на капоце работніка ДАІ. Са словаў Аляксандра, ягоную машыну спынілі невядомыя ў балаклавах.

«Ён не хацеў наязджаць ні на каго. Ён дасведчаны чалавек і кіроўца. Таму я думаю, што гэта міліцыянт, даішнік сам заскочыў. Ён парушыў Правілы. Ён жа сам казаў, што ў іх у Правілах стаіць, што ён павінен каля дзверцы не стаяць, а тут ён каля капота стаў», – лічыць жонка Аляксандра Троцкага Ірына.

Пасля таго, як Троцкі адмовіўся выйсці з машыны, на яго накіравалі зброю і пачалі біць шыбу. Аляксандр з’ехаў. Неўзабаве яго ўсё ж спынілі, выцягнулі праз вакно і, збіўшы, адвезлі ў шпіталь. Тры дні Аляксандр Троцкі быў прыкуты кайданкамі да ложка, за ім сачыў канвой, не пускаў родных у палату.

«Гэта чарговы доказ таму, што ўлада, праваахоўная, судовая сістэмы знялі ўсе маскі, паказалі свой сапраўдны пачварны твар», – абураецца сын Аляесандра Троцкага Данііл.

З прысудам не згодныя ані родныя, ані адвакат, таму будуць яго абскарджваць.

Акрамя таго паўтара года «хіміі» атрымаў Антон Бяленскі, валанцёр выбарчага штабу Віктара Бабарыкі. Паводле версіі следства, 9 жніўня мужчына ўдзельнічаў у пратэсце. На перыяд абскарджання прысуду Бяленскага вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Гэтае рашэнне застаецца на сумленні нашага суда. Але тым не менш самае галоўнае пытанне нявызначанасці ўжо для Антона прагучала сёння ў рашэнні суда», – думае Аляксандр Калеснікаў, які прыйшоў падтрымаць асуджанага.

За вывешаны бел-чырвона-белы сцяг жыхар Менску Ілля Квачэнка атрымаў 15 содняў. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у адзіночным пікеце. За тое, што мінчанін адмовіўся здымаць нацыянальны сцяг, уначы другога сакавіка ягоную машыну эвакуявалі.

«Каб гэта было вялікім сюрпрызам? Ну не, гэта толькі пацверджанне таго, што ў нашай краіне закон не працуе», – абураецца жонка Іллі Квачэнкі Валянціна.

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць Юліі Юхно далі 5 базавых штрафу, то бок 145 рублёў. Дзяўчына прадавала бел-чырвона-белыя апаяскі.

«Чалавек напісаў мне ў тэлеграме. Мы з ім сустрэліся, і адбылася так званая кантрольная закупка. Я яму перадала бранзалеты, ён мне перадаў грошы. Я не паспела нават дастаць рэшту, нічога – да мяне падышлі супрацоўнікі АБЭЗ і павезлі мяне ў РАУС», – узгадвае Юлія Юхно.

Сухую галадоўку трымае гарадзенскі журналіст, перформер і лідар гурта «Mister X» Ігар Банцар, якога забралі з кватэры 20 кастрычніка. Яго абвінавачваюць у хуліганстве за тое, што 5 верасня танчыў перад машынай міліцыі без штаноў.

«Калі зацягнулі на два, тры, чатыры месяцы, калі пайшлі тэмы з карцарамі, з прымусовымі псіхіятрычнымі абследаваннямі… 01:26-01:32 Я так і не зразумеў, што гэта, да чаго гэта і як, акрамя таго, што гэта ў нейкай ступені ну не цырк, але гэта нешта вельмі такое гратэснае», – лічыць гітарыст гурта «Mister X» Аляксандр Кот.

Ігар Банцар ужо больш за чатыры месяцы – за кратамі, яму пагражае штраф або да трох гадоў зняволення. Наступнае судовае пасяджэнне будзе 12 сакавіка.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» з пачатку выбарчай кампаніі супраць яе ўдзельнікаў, актывістаў і пратэстоўцаў заведзена больш за дзве тысячы крымінальных справаў. Іх колькасць працягвае расці.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»