Адбылася 66-ая цырымонія «Грэмі»: намінантам ад 2 да 80 гадоў


Галоўную прэмію «Грэмі» за найлепшы альбом года атрымала амерыканская спявачка Тэйлар Сўіфт. Яна сталася першаю выканаўцаю, якая здабыла галоўны прыз чатыры разы – журы адзначыла ейны альбом «Midnights». Агулам жа для Тэйлар Сўіфт гэта ўжо 13-ая ўзнагарода «Грэмі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Для мяне ўзнагарода – гэта праца. Усё што я хачу – працягваць займацца гэтым. Гэта мне падабаецца, гэта мяне радуе. І мяне надзвычай уражвае тое, што і ў іншых людзей гэта радуе, што гэта робіць шчаслівымі і тых, хто прагаласаваў за гэтую ўзнагароду», – кажа спявачка.

Цырымонія ўручэння найбольш прэстыжнай музычнай прэміі «Грэмі» прайшла ў Лос-Анджэлесе 66-ы раз. Узнагароды ў амаль сотні намінацыяў уручалі за песні і альбомы, што выйшлі ў перыяд з кастрычніка 2022-га да сярэдзіны верасня 2023-га.

Яшчэ адну з чатырох галоўных узнагародаў атрымала амерыканская спявачка Білі Айліш у катэгорыі «Песня года» за саўндтрэк да фільму «Барбі».

У катэгорыі «Запіс года» перамагла Майлі Сайрус з кампазіцыяй «Flowers». Гэты трэк у прэсе называюць гімнам пашырэння правоў і магчымасцяў. Летась ён восем тыдняў займаў першае месца ў музычным чарце амерыканскага выдання «Billboard».

Найлепшай новай выканаўцай сталася Віктор’я Манэ, якая апроч гэтай узнагароды перамагла яшчэ ў шасці намінацыях сёлетняга конкурсу.

«Я прыехала ў Лос-Анджэлес у 2009-м, і мне падабаецца параўноўваць сябе з перасаджанаю раслінай. На музычную індустрыю можна глядзець, як на глебу: можна лічыць яе бруднай, але можна ўспрымаць яе як крыніцу пажыўных рэчываў і вады. Мае карані вельмі доўга нябачна раслі пад зямлёй. І я адчуваю, што сёння я нарэшце прарастаю», – кажа Віктор’я Манэ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Статуэткі «Грэмі».
Фота: MJ Photos/REX/Shutterstock

За ўнёсак у трэк маці двухгадовая дачка спявачкі зрабілася самай юнай намінанткай прэміі. Найстарэйшай жа лаўрэаткай прызналі 80-гадовую канадскую спявачку Джоні Мітчэл. Яна атрымала дзясятую прэмію «Грэмі» ў сваёй карʼеры, гэтым разам – за найлепшы фолк-альбом.

Пераможцаў прэміі «Грэмі» абіраюць музыкі, прадзюсары ды іншыя працаўнікі Акадэміі гуказапісу. Апошнімі гадамі склад журы стараюцца зрабіць збалансаваным: запрашаюць больш жанчын і прадстаўнікоў розных расаў. А сярод новых намінацыяў – прэмія за найлепшае выкананне афрыканскай музыкі. Першай пераможцай сталася выканаўца з Паўднёвай Афрыкі Тайла.

«Чаму афрыканская музыка цяпер мае сусветную прывабнасць? Я б сказаў, што гэта адзіны шырока зразумелы тып музыкі, які спрыяе проста радасці і рытму, проста танцам і задавальненню. Вы ведаеце, заходні хіп-хоп такі змрочны, а афрыканская музыка проста стварае добры настрой. І я думаю, што ўсе стараюцца быць у добрым настроі», – кажа музычны прадзюсар з Нігерыі Эрык Айзаак Утэрэ (LeriQ).

Яшчэ адзін выканаўца афрыканскага паходжання адзначыўся ў скандале. Рэпер Кілер Майк атрымаў сёлета тры ўзнагароды «Грэмі»: за найлепшыя рэп-песню, рэп-выкананне і рэп-альбом. Але ў залі, дзе адбывалася цырымонія, выканаўцу арыштавалі. Паліцыя вывела яго ў кайданках. Прычыны арышту не паведамляюць, але адзначаецца, што яна не звязаная з «Грэмі».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»