«Дзяржава не хоча, каб беларусы дапамагалі адзін аднаму». Пакараныя штрафамі заплацяць ізноў?


 

Следчы камітэт выступіў з ініцыятывай аб паўторным спагнанні грошай з удзельнікаў мірных пратэстаў, штрафы якім дапамагалі аплаціць фонды ды фізічныя асобы. Ці гэта законна гэта?

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту Наталлю – жыхарку пасёлку Акцябрскі, што ў Гомельскай вобласці, – двойчы пакаралі штрафам на больш за дзве тысячы рублёў. Спагнанне яна аплаціла з дапамогаю фонду BY_Help. Дзяржава мусіць ня толькі вярнуць гэтыя грошы, але і скампенсаваць маральную шкоду, упэўненая Наталля:

«Я лічу, што мне павінна быць маральная кампенсацыя за тое, што мяне выклікалі ў суды і на нервах мне гралі».

Між тым, Следчы камітэт ня хоча залічваць штрафаў, якія замест дэманстрантаў аплаціў нехта іншы. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення Следчага камітэту па Менску Сяргей Паско:

«Следства выявіла значную колькасць фактаў аплаты штрафаў іншымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі за вінаватых асобаў. На гэтыя сродкі Следчым камітэтам з санкцыі пракурора накладзены арышт. Перад зацікаўленымі ведамствамі ініцыяваная правядзенне працэсуальных дзеянняў па спагнанні грашовых сродкаў непасрэдна з правапарушальнікаў».

Дзяржава не хоча, каб беларусы дапамагалі адзін аднаму. Тое, што яна робіць, – не па-чалавечы і незаконна, упэўнены праваабаронца Гары Паганяйла.

«Сваякі дапамагаюць, чужыя людзі дапамагаюць, у прыватнасці, суседзі, могуць дапамагчы як у Беларусі, так і з-за мяжы. Дзяржава мусіць атрымаць штраф ад таго ці ад тых, хто пакараны штрафам, а не ставіць палкі ў колы», – адзначыў праваабаронца.

У лістападзе Следчы камітэт ужо блакаваў на рахунках беларусаў грошы, атрыманыя з-за мяжы на аплату штрафаў. Аднак Нацбанк загадаў разблакаваць карткі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»