Хто ў Беларусі дапамагае агрэсару?


Людзі ў вайсковай форме з расейскімі знакамі адрознення дзякуюць ігуменні Гарадзенскага Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра Гаўрыіле за дапамогу. Такое відэа апублікаваў адзін з тэлеграм-каналаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дзякуй за гуманітарную дапамогу з Беларусі ігуменні жаночага манастыру Гаўрыіле, якая сабрала і накіравала нам на СВА на аўдзееўскі напрамак. Дажджавікі, якія вы нам даслалі дапамогуць нам заставацца сухімі ў любы час», – кажуць на відэа вайскоўцы.

Свайго ўдзелу ў дапамозе расейскім вайскоўцам у манастыры не хаваюць. У тэлефоннай размове нам паведамілі, што чакаюць адзенне, абутак, малітвасловы, абразы, або дапамогу «капеечкай». Прапаноўваем перадаць у манастыр дрон. У адказ нас запрашаюць у манастыр «сустрэцца з чалавекам, які гэтам займаецца».

«Яе імя Алена. Яна з Марыюпалю, з Украіны», – чуем на іншым канцы дроту.

Кіруе манастыром больш як трыццаць гадоў ігумення Гаўрыіла, свецкае імя – Марыя Глухава. Шырока вядомаю яна стала пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі рэзка крытыкавала пратэсты, называючы ўдзельнікаў «безумцами».

Падчас мігранцкага крызісу ігумення прыехала на мяжу, на праваслаўны манер жагнала курдскіх уцекачоў, большасць з якіх – мусульмане. Таксама Гаўрыіла выпускала марозіва «Пушок» з выяваю ейнага ката на абгортцы. Пры гэтым, паводле звестак «Кіберпартызанаў», яна часта бывала за мяжою: у Літве, Польшчы, Грэцыі, Аўстрыі, Італіі.

«Я сумняюся, што матушка верыць у Бога. Як і ўся іх папоўская шэція ў РПЦ – гэта аддзел КДБ», – заявіў старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк.

Цяпер ігумення дапамагае расейцам забіваць украінцаў на іхнай зямлі. Добраахвотна, ці ўсё ж на загад зверху?

«Можа, там кіраўніцтва іх і падтрымлівае, але гэта яны робяць не па ўказцы, а па ўласным жаданні», – лічыць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Свята-Елісавецінскі манастыр.
Фота: president.gov.by

Раней у дапамозе расейскім акупантам адзначыўся Свята-Елісавецінскі манастыр у Менску, які перадаў расейскім вайскоўцам адзінаццаць бездарожнікаў. Ці захаваюць беларусы давер да праваслаўнай царквы пасля гэткіх акцыяў?

«Мне падаецца, што так званы аўтарытэт праваслаўнай царквы ў палітычных пытаннях абсалютна ўяўны, яго няма. Няма такога, каб людзі цалкам паддаваліся меркаванню праваслаўных іерархаў».

За абсалютную адданасць рэжым абдарыў Гаўрыілу ўзнагародамі: ордэнам Францыска Скарыны, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», ордэнам БПЦ Еўфрасінні Полацкай. Пры гэтым пасля падзеяў 2020 года самаабвешчаныя ўлады мэтанакіравана пераследуюць вернікаў і ліквідуюць цэрквы. Паводле тэлеграм-каналу «Хрысціянская візія», праз палітычны пераслед прайшлі не менш як шэсцьдзесят святароў.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»