Пачаўся суд над вясноўцамі


У судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся працэс у справе старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, а таксама праваабаронцы Змітра Салаўёва, якога судзяць завочна.

«Суддзя – Марыя Запаснік, вядомая вынясеннем дастаткова жорсткіх і адвольных прысудаў, то бок у гэтым сэнсе нейкіх ілюзіяў мы не маем», – кажа праваабаронца Павел Сапелка.

Суд адхіліў усе хадайніцтвы абвінавачваных. Абаронцы Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча заяўлялі хадайніцтва аб змяненні меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Самі абвінавачваныя выступілі з просьбамі зняць з іх кайданкі і весці працэс на беларускай мове.

«Абвінавачваным было прад’яўленае абвінавачванне на расейскай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моваў, суд вас зразумее», – заявіла «суддзя» Марына Запаснік.

Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча ўтрымліваюць пад вартаю з 14 ліпеня 2021 года. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Праваабаронцаў вінавацяць у кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Спачатку ж абвінавачванне было іншым, нагадвае Павел Сапелка.

«Яно было такім жа недарэчным і датычыла нявыплаты падаходнага падатку тымі людзьмі, якія нібыта атрымлівалі грошы ад праваабарончага цэнтру «Вясна». Потым ад гэтага абвінавачвання ўлады адмовіліся і высунулі новае – пра кантрабанду», – кажа Павел Сапелка.

Вясноўцаў караюць за праваабарончую дзейнасць, перакананая журналістка Любоў Лунёва. Сярод іншага, за дапамогу затрыманым на паслявыбарчых мірных акцыяў пратэсту ў 2020-м. Людзі, якія ўпершыню бралі ўдзел у вулічных акцыях, акурат дзякуючы «Вясне» змаглі арганізавацца ў пошуку затрыманых і дапамозе тым, хто выйшаў з-пад арышту, а перадусім у фіксацыі злачынстваў.

«Гэта, вядома, помста, але такое адчуванне, што помста ўсім: і «Вясне», і ўсяму народу. «Вясна», якая і раней казала пра захаванне правоў чалавека, пра фундаментальныя правы чалавека, калі юрысты дапамагалі, складалі заявы, каб абараніць правы, – гэта было вельмі важна», – кажа Любоў Лунёва.

У «справе вясноўцаў» праходзяць каля сотні сведкаў, па ўсёй краіне правялі 120 ператрусаў. Матэрыялы складаюць 283 тамы на 300 старонак кожны – гэта рэкорд у палітычнай справе. Фігуранты заявілі, што не прызнаюць сваёй віны ні паводле аднаго артыкулу.

Падчас утрымання за кратамі Алесь Бяляцкі зрабіўся нобэлеўскім лаўрэатам, узнагароду замест яго атрымала жонка Наталля Пінчук.

«Хачу выказаць вялікую падзяку нарвежскаму Нобэлеўскаму камітэту, рашэнне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе. І дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы», – казала Наталля Пінчук падчас уручэння ўзнагароды.

Працэс над вясноўцамі адкрыты, але пусцілі ў судовую залю не ўсіх – прайшлі сваякі абвінавачваных і прапагандысты. Усіх на паседжанні запісалі ў асобны спіс. А вось прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на суд не пусцілі.

«Той факт, што на лаве падсудных, абвінавачаных, нобэлеўскі лаўрэат, вядома, прыцягне значна больш увагі да гэтага працэсу», – лічыць Павел Сапелка.

Пасля таго як праваабаронцам зачыталі абвінавачанне, Алесь Бяляцкі заявіў, што не ў поўнай ступені разумее тэкст на расейскай мове. У судзе абвесцілі перапынак да заўтра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»