Супрацьстаянне ў Казахстане можа стаць узброеным


У сераду пратэсты ў найбуйнейшым горадзе Казахстану – Алматы – перараслі ў сутыкненні з сілавікамі. Людзі захоплівалі спецтэхніку і здолелі абяззброіць паліцыянтаў. У горадзе Актыў быў спынены грузавік з вайскоўцамі, а мясцовая паліцыя заявіла, што не стане выступаць супраць народу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паліцыя дакладна не на баку ўлады, гэта трэба разумець, бо гэта тыя ж самыя людзі, якія гэтак сама бяднеюць праз тое, што кошты ў крамах рэзка падвышаюцца, а заробкі ў паліцэйскіх – не», – зазначае спецыяльны карэспандэнт «Новой газеты» Вячаслаў Палавінка.

Ёсць на гэта і іншыя прычыны, лічыць спецыяльны карэспандэнт «Новой газеты». Такія, як сваяцкія сувязі ў невялікіх гарадах, дзе людзі добра ведаюць адзін аднога па розныя бакі барыкадаў.

«Вайскоўцы і сілавікі не падрыхтаваныя да такога маштабу пратэсту найперш. Калі вы едзеце на БТРы, а на яго заскокваюць 15 чалавек, то вы, не будучы падрыхтаваным да такой сітуацыі, вядома, выберыце вырашыць усё мірным шляхам», – распавядае журналіст.

У Алматы тысячы чалавек рушылі да будынку акімату – мясцовай мэрыі. Неўзабаве тут разгарэўся пажар, як і ў будынку пракуратуры. Паводле апазіцыйнага палітыка Айдоса Садыкава, у выпадку падпалаў спецтранспарту і адміністрацыйных будынкаў – дзейнічалі правакатары.

«Мэтамі правакатараў было, каб сілавікі адказалі агнём, каб яны выкарысталі спецсродкі, зброю супраць мірных дэманстрантаў, што ім часткова і ўдалося. Ёсць у нас інфармацыя, ёсць відэа, якое мы не выкладаем, дзе людзі сур’ёзна пацярпелі», – падкрэслівае апазіцыйны палітык Айдос Садыкаў.

Адбыліся сутыкненні і ў горадзе Актэбэ, дзе напачатку паліцыя адмаўлялася затрымліваць пратэстоўцаў, а пасля выкарыстала супраць людзей вадамёты, гумовыя кулі ды святлошумавыя гранаты.

Дзейнічаць максімальна жорстка ў адказ на пратэсты паабяцаў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, які сёння заступіў на пасаду старшыні Рады бяспекі краіны замест Нурсултана Назарбаева.

«Я застануся ў сталіцы, гэта мой канстытуцыйны абавязак – быць разам з народам. Разам мы пераадолеем гэтую чорную паласу ў гісторыі Казахстану, выйдзем з яе моцнымі. У хуткім часе я выступлю з новымі прапановамі аб палітычнай трансфармацыі Казахстану. Я застаюся на ранейшай пазіцыі паслядоўных рэформаў», – заявіў Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Казахстану.

Яшчэ раней Такаеў увёў надзвычайнае становішча і адправіў у адстаўку ўрад, на які ўсклаў віну за пратэставую сітуацыю. У тым ліку звольніў пляменніка Назарбаева Самата Эбіша, які займаў пасаду першага намесніка старшыні Камітэту нацыянальнай бяспекі. Нягледзячы ні на што людзі не намераныя здавацца і выстаўляюць свае патрабаванні: ад змены рэжыму і народных выбараў у акіматы да вяртання Канстытуцыі 1993 года, якая абмяжоўвае тэрміны паўнамоцтваў дэпутатаў, забараняе прэзідэнту быць сябрам палітычных партыяў і скасоўвае спецыяльны статус для Назарбаева.

«Народ разумее, што ва ўладаў іншага выйсця, як ісці на перамовы, няма. Калі цяпер ужыць жорстка зброю, калі будуць сурʼёзныя ахвяры, улады канчаткова дадуць зразумець людзям, што адзіным спосабам палепшыць сваё становішча, змяніць рэжым, стварыць дэмакратычныя ўмовы для жыцця застаецца толькі ўзброены бунт».

Увечары стала вядома пра захоп аэрапорту Алматы, адмененыя ўсе авіярэйсы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»