Пратэсты ў Казахстане падобныя на «беларускія»


Аўтарытарныя рэжымы на прыкладзе Беларусі ўбачылі, якую рэакцыю Захаду можна атрымаць, задушваючы пратэсты сілавым спосабам. Прэзідэнту Такаеву не да санкцыяў Еўропы і ЗША, якія падтрымліваюць баланс уплыву Расеі і Кітаю на гэтую краіну. У саміх жа пратэстах казахаў цяпер і беларусаў – у 2020-ым годзе значна больш агульнага, чым выглядае на першы погляд.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Любы аўтарытарны рэжым – зло, лічаць беларусы, якія з адпаведнымі лозунгамі выйшлі падтрымаць казахскіх пратэстоўцаў.

Удзельнікі акцыі салідарнасці, Вільня:

«Лічу, што ў 21-ым стагоддзі дыктатур не павінна быць нідзе на планеце Зямля».

«Некалі Расея і Беларусь пойдуць па іхным прыкладзе. Вельмі спадзяюся, што ў іх усё атрымаецца».

«Адстаўка ўраду, свабода палітвязням… увесь гэты пералік мы выклалі на паперы і сказалі, што мы таксама падтрымліваем казахскі народ».

Прычыны пратэстаў у Беларусі вонкава адрозніваюцца… У 2020 годзе беларусы выходзілі супраць старой улады, якая сфальсіфікавала выбары. Трыгерам у пратэстах, якія распаліліся на захадзе Казахстану і знайшлі падтрыманне ў іншых частках краіны, сталі павышаныя ўдвая кошты на звадкаваны газ. Як магніт, гэтая праблема прыцягнула да сябе іншыя – не толькі эканамічныя.

Дырэктар даследчага цэнтру «Палiтычная сфера» Андрэй Казакевіч, кажа:

«Напружанасць у Казахстане звязаная і з пандэміяй, і з эканамічнай сітуацыяй, і з тым, што ёсць стомленасць значнай часткі грамадства ад палітычнай сістэмы ў Казахстане. Ня гледзячы на тое, што там адбыўся пэўны транзіт, але ўсё адно адзін чалавек больш за 30 гадоў вызначае палітыку».

Жорсткія дзеянні сілавікоў, асабліва ў першыя дні пратэстаў у Беларусі, спрычыніліся да замацавання ў свядомасці лозунгу: «Не забудзем, не прабачым». Людзей, якія выйшлі з кветкамі, збівалі, затрымлівалі ды катавалі. Тады і надалей. Сілавікі ў Казахстане гэтымі днямі дзеюць больш мякка, хоць затрыманні з дручкамі ёсць і там. На відэа бачым і агрэсію пратэстоўцаў.

«У тэхнічным, у тактычным плане гэтыя сілавікі выкарыстоўваюць беларускі досвед. Я паглядзеў кадры, дзе нешта падобнае на гэтую сістэму шчыт, як было перад палацам Незалежнасці ў Менску», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аўтарытарныя рэжымы не раз пераймалі адзін у аднога досвед супрацьстаяння з народам. МЗС Беларусі дало каментар аб сітуацыі ў Казахстане.

Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС Беларусі:

«І па змесце, і па форме падзеі нам знаёмыя. Механізмы і інструменты бачныя няўзброеным вокам. У сувязі з гэтым на дадзеным этапе лічым важным стабілізаваць сітуацыю і спыніць беспарадкі. Спадзяемся, што казахстанскае кіраўніцтва з гэтым справіцца».

Афіцыйны Нур-Султан спрабаваў спыніць пратэсты саступкамі. Цану на газ адкруцілі назад, абвесцілі адстаўку ўраду, заклікалі людзей да дыялогу… Пакуль што – гэтага не дастаткова.

«У Беларусі ж патрабавалі перагледзець вынікі выбараў. Я думаю цэны на газ прасцей перагледзець, чым вынікі выбараў. Хто яго ведае. Калі б цяпер была электаральная кампанія ў Казахстане, магчыма, мясілі б болей жорстка гэтых пратэстоўцаў і на пералік галасоў не пайшлі б», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Як будуць развівацца падзеі, аналітыкі прагназаваць не бяруцца. Але сэрцы беларусаў заміраюць на пэўных словах прэзідэнта Такаева.

«Я маю намер дзеяць максімальна жорстка. Гэта пытанне бяспекі нашых грамадзян, якія звяртаюцца са шматлікімі просьбамі да мяне – абараніць іхнае жыццё», – заявіў Касым-Жамарт Такаеў.

Адзін у адзін рыторыка Аляксандра Лукашэнкі, сістэма якога пралівае кроў апазіцыянераў і трымае іх у турмах – імем народу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»