Інцыдэнт на «Беларуськаліі»: што адбылося і чаму?


Другое здарэнне на прадпрыемствах з пачатку месяца: у выніку абрыву ўздымных механізмаў з вышыні сарвалася клець з працаўнікамі «Беларуськалію». Пяцёра асобаў з цяжкімі пашкоджаннямі – у больніцы. Былыя працаўнікі прадпрыемства звязваюць гэтае здарэнне са складанасцямі рамонту абсталявання – праз санкцыі і адсутнасць добрых спецыялістаў. Падрабязнасці – у Аліны Скрабуновай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пяцёра працаўнікоў «Беларуськалію» траўмаваныя падчас спуску ў шахту прадпрыемства. Транспартная кабіна з працаўнікамі рамонтнай брыгады электраслесараў пачала некантралявана апускацца ўніз шахты, уключылася аўтаблакаванне.

«Тым не менш, гэта не дазволіла знізіць хуткасць да неабходнага ўзроўню і клець з нашымі працаўнікамі мінула пункт гарызонту, што прывяло да яе сутыкнення з глебай», – адсправаздачыўся кіраўнік упраўлення аховы працы, прамысловай бяспекі і горнаратавальных працаў «Беларуськалію» Алег Кратовіч.

Пра непаладкі, што прывялі да трагедыі, на прадпрыемстве было вядома ўжо даўно, упэўнены былы працаўнік «Беларуськалію» Аляксей Кротаў:

«Адбыліся непаладкі ў абсталяванні гэтага ствала, пра якія ўжо некалькі разоў цягам года казалі. Так сказаць, сістэма барахліла, яна не працавала, яе, здаецца, зрабілі, але як зрабілі, ніхто не ведае, бо ўсё будзе хавацца».

Усе пяцёра працаўнікоў «Беларуськалію» – у больніцы. У выніку падзення з вышыні яны атрымалі цяжкія спалучаныя траўмы: пераломы ніжніх канцавінаў, тазу, ключыцаў і хрыбта. Паводле папярэдняй інфармацыі, іхнаму жыццю пагрозы няма.

«Аднаму з пацыентаў спатрэбілася аперацыя для стабілізацыі паяснічнага аддзелу хрыбта, якая была ўначы выкананая ва ўмовах Салігорскай ЦРБ. Пацыент цяпер у рэанімацыі, а чацвёра пацыентаў застаюцца ў траўматалагічным аддзяленні», – паведаміў галоўны доктар Салігорскай цэнтральнай раённай больніцы Аляксандр Кісель.

Дзеля дапамогі пацярпелым у Салігорскую цэнтральную больніцу скіравалі брыгаду высокакваліфікаваных спецыялістаў.

«Ці будзе кампенсаваная ім страта здароўя? Я думаю, што не, бо ў цяперашняй Беларусі людзі не цэняцца зусім. І ім будзе кампенсаваная, можа, толькі дзясятая ці сотая частка страты працаздольнасці», – лічыць былы працаўнік «Беларуськалію», аўтар YouTube-каналу «Дядя Лёша с ЦПП» Аляксей Кротаў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў аховы працы. Адной з прычынаў здарэння былы працаўнік «Беларуськалію» Глеб Сандрас называе дрэнны стан абсталявання. Маўляў, яго складана адрамантаваць, бо пастаўкі запчастак з Захаду спыніліся праз санкцыі. Другім важным чыннікам, на думку Сандраса, ёсць адсутнасць высокакваліфікаваных спецыялістаў.

«Кваліфікаваныя кадры з Беларусі з’язджаюць. Або проста вось звальняюць з «Беларуськалію» тых, хто страйкаваў або падтрымліваў маральна гэты страйк, ахвяраваў грошы ў фонды салідарнасці і гэтак далей», – мяркуе былы працаўнік «Беларуськалію» Глеб Сандрас.

Выпадак на «Беларуськаліі» – не адзіны. 1 лістапада пяцёра працаўнікоў Аршанскага мясакансервавага камбінату падчас разгерметызацыі абсталявання атрымалі цяжкія пашкоджанні. У чэрвені ў выніку аварыі на Светлагорскім цэлюлозава-кардонавым камбінаце 3 працаўнікоў загінулі і 2 моцна пацярпелі.

«Яны адбываюцца і будуць адбывацца з той прычыны, што тэхніка бяспекі абсалютна на ўсіх прадпрыемствах не пільнуецца. Не пільнуецца з некалькіх прычынаў. Па-першае, усё абсталяванне старое, яго не паспяваюць мяняць… Але самая галоўная праблема – што людзі самі пагаджаюцца працаваць на такім абсталяванні», – мяркуе прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Рабочы рух» Аляксандр Сакалоў.

Паводле Аляксандра Сакалова, дзяржава не будзе спрыяць павышэнню бяспекі, таму працаўнікі самыя мусяць узяць на сябе адказнасць і сказаць «не» пры парушэнні тэхнікі бяспекі.

Аліна Скрабунова, Белсат