Куды знікаюць беларускія дактары?


З кожным днём колькасць вакансіяў для медыкаў у беларускіх паліклініках і больніцах павялічваецца. Медычнай сістэме не стае як дактароў-спецыялістаў, так і проста медсёстраў і санітарак. Чаму людзі бягуць з медычнай сферы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З помпаю чыноўнікі перарэзалі чырвоную стужку на адкрыцці філіялу дзевятнаццатай дзіцячай паліклінікі на вуліцы Кедышкі ў Менску. З леташняга траўня будынак быў зачынены на капітальны рамонт. Ад святочных фотаздымкаў пераходзім на сайт установы і знаходзім там пятнаццаць вакансіяў.

Сітуацыю з нястачай лекараў у паліклініцы нам патлумачылі наступным чынам:

«У нас у рэспубліцы аналагічная карціна, вы ж, напэўна, чытаеце, ведаеце, што вельмі шмат медычных працаўнікоў звальняюцца ўвогуле ў краіне, не толькі ў паліклініках. У нас зычліва ставяцца да дактароў, у нас такога няма, каб звальняць кагосьці. У нас у людзей сканчаюцца кантракты і яны ідуць ад нас, мы ж не пытаем, чаму яны ідуць».

Мы запыталіся ў нашых падпісальнікаў у тэлеграм-канале, ці адчуваюць яны нястачу медыкаў. Большасць прагаласавала за адказ «Яшчэ як адчуваю!» Пры гэтым беларусы пакінулі наступныя каментары:

«У Менску ў больніцы хуткай дапамогі жахліва. Нагрузка на медперсанал зашкальвае. Узровень абсталявання палатаў – прыкладна як у XX стагоддзі».

«Інфармацыя наконт Горадні. У жніўні ў паліклінікі прыйшло шмат маладых спецыялістаў, на ўсіх участках ёсць і тэрапеўт, і медсястра. А да гэтага былі чысткі, звольнілі (ці “дапамаглі” звольніцца) палове, а то і болей. Самыя вялікія страты былі сярод тэрапеўтаў. Стэнд з раскладам дактароў зеўраў прагаламі амаль у кожным аддзяленні паліклінікі».

Сёння ў базе пошуку дзяржаўнай службы занятасці – больш чым чатыры тысячы шэсцьсот вакансіяў для дактароў-спецыялістаў, тры тысячы шэсцьсот для медычных сёстраў, дзве тысячы трыста для санітараў і чатырыста пяцьдзясят дзве для памочнікаў доктара. Да катастрафічнага стану беларускую сістэму аховы здароўя давёў бяздарны менеджмент, лічыць каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лілія Тарасенка:

«Тут можна казаць бясконца наконт таго, як уладкаваная сістэма аплаты працы. Дзяжурствы медпрацаўнікоў па 32 гадзіны без права сну – і гэта не выключэнне, гэта правілы! Гэта абсалютна бесчалавечна, абсалютная безабароннасць працаўнікоў перад легальнымі нейкімі праблемамі, калі ў любой сітуацыі, незалежна ад віны працаўніка, ёсць магчымасць не толькі яго абвінаваціць, а яшчэ і пасадзіць, незалежна ад ягоных дзеянняў».

Згодна са звесткамі службы занятасці, дактарам-спецыялістам прапануюць заробак за адную стаўку ад 482 да 2800 рублёў. Пры гэтым з ліпеня для медпрацаўнікоў скасавалі ковідныя даплаты, але ўвялі надбаўку ў залежнасці ад складанасці ды інтэнсіўнасці працы. І тым не менш, нястача медыкаў толькі расце: з сёлетніх траўня да лістапада колькасць вакансіяў для дактароў-спецыялістаў агулам па краіне павялічылася амаль на 900.

«З загадаў, што перыядычна выходзяць, немагчыма зразумець, якую ўсё ж такі суму будзе атрымліваць чалавек на рукі. З тых дадзеных, што мы маем, заробкі з часоў ковіду сталі толькі ніжэйшымі», – зазначае каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лілія Тарасенка.

Нягледзячы на нястачу медыкаў, некаторыя з іх, нават калі хочуць, не змогуць уладкавацца на працу.

«Вы ж ведаеце, што ёсць дадатак да дэкрэту – і пастанова Саўміну з абавязковым патрабаваннем характарыстыкі. Калі асобу бяруць на працу сюды, то ідзе запыт на папярэдняе месца працы – і там пішуць характарыстыку. І ў тым ліку адміністратыўка, як вы ведаеце, палітычная ў тым ліку. Гэта, можна сказаць, для характарыстыкі важны складнік», – тлумачаць у 19 дзіцячай паліклініцы Менску.

Беларускія дактары шукаюць працу ў замежжы таксама і праз палітычныя чысткі ў сістэме аховы здароўя. Толькі ў Польшчы з пачатку 2022 года знайшлі працу каля тысячы медыкаў з Беларусі. Для іх тут працуе спрошчаная сістэма працаўладкавання.

Вольга Васільева, «Белсат»