Дзе ліўнеўкі? Беларускія дарогі і двары тонуць


Моцныя вецер і дажджы, якія панавалі ў Беларусі апошнія некалькі дзён, агалілі шмат камунальных праблемаў. З відэа і фота, якія падчас непагоды рабілі беларусы, вынікае, што амаль паўсюдна не працуе або ўвогуле адсутнічае ліўневая каналізацыя. Давайце паглядзім, да якіх наступстваў можа прывесці занядбанне і ігнараванне наяўных камунальных праблемаў па ўсёй краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Навошта ехаць на мора, калі мора ўжо тут! Ходзім у калошах па горадзе і таксі зараз паплыве!», – без эмоцыяў проста немагчыма каментаваць тыя паводкі, якія назіраюцца па ўсёй Беларусі. Напрыклад, гэтак затапіла парк у Віцебску. А вось гэтак выглядае двор на бульвары Юнацтва ў Мазыры пасля дажджу.

«Мазыр таксама ў трэндзе патопаў і поўнай адсутнасці ліўневак», – каментуе сітуацыю ў горадзе жыхар Мазыра.

Мужчына задаецца пытаннем, навошта ў Беларусі ўвогуле існуюць камунальныя службы.

Паміж двума гандлёвымі цэнтрамі ў Мікашэвічах вада трымалася каля 30 хвілінаў: «Але недзе на паперы ліўнеўкі ёсць – і з вельмі добрымі цэнамі за праект і яго рэалізацыю», – скардзіцца жыхар Мікашэвічаў.

Моцны дождж падтапіў дарогу непадалёк Воршы: «Фатаграфуйце і дасылайце, вось як можна аўтобусу ў гэтай дзірцы праехаць, перакапалі і нават нічога не паклалі», – скардзяцца жыхары вёскі Азерок. Яны хвалююцца, як жа цяпер дабрацца да працы.

Дажджом накрыла і Гомель: «Выйсці з машыны немагчыма, тратуары затопленыя», – напісаў у рэдакцыю «Сильных новостей» жыхар Гомля. Іншы аўтамабіліст звярнуў увагу на праблему на вуліцы Шырокай. Жыхарка вуліцы Мікольскай паведамляе, што ўваход у пад’езд затоплены. Маўляў, «трапіць у дом з сухімі нагамі немагчыма, як і выйсці з яго». Жанчына завярае, што звярталася ў службу 115, але безвынікова. Паводле жыхароў першага дому на вуліцы Веткаўскай у Гомлі, дажджавая вада затрымліваецца вакол іхнага дому праз няправільную ўкладку асфальту і адсутнасць ліўневай каналізацыі.

Два тыдні таму мы ўжо звярталіся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Горадні наконт праблемы на вуліцы Кабяка. Там вада размыла двор 12-га дому, дзе ідзе рамонт цеплатрасы. Нам абяцалі развязаць праблему да канца верасня, але цяпер у адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні называюць іншыя тэрміны:

«Працы не завершаныя. Да канца кастрычніка ім пастаўлены тэрмін, гэта ўжо на ўзроўні адміністрацыі, а таксама падпарадкована гарвыканкаму – усе за гэтым сочаць. Таму не хвалюйцеся, працы завершацца. Трэба неяк патрываць, затое ўжо будуць у вас сеткі. Трэба пайсці насустрач, няхай ужо арганізацыя завершыць працу».

Дажджавая вада размыла грунт у Салігорску, праз што цяжкавік напалову праваліўся пад зямлю.

Вольга Васільева, «Белсат»