Чарговая атака на свабоду слова ў Беларусі


Затрыманага журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйку падазраюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – распальванне варожасці і абраза прадстаўніка ўлады. Сёння да Мажэйкі на Акрэсціна ўпершыню пусцілі адваката.

«Грамадзянін Мажэйка выехаў з тэрыторыі Беларусі ў Расейскую Федэрацыю, дзе зрабіў спробу вылецець у трэцюю краіну. Аднак з улікам прынятага раней расейскімі праваахоўнымі органамі рашэння аб непажаданасці перабывання на іх тэрыторыі было адмоўлена ў выездзе і прадпісана выбыць з тэрыторыі дадзенай дзяржавы», – заявіў начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун.

Насуперак гэтаму расейскія медыі сёння паведамілі, што Мажэйку з Расеі вывезлі нібыта супрацоўнікі КДБ Беларусі. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што нічога не ведае пра затрыманне беларускага журналіста на тэрыторыі Расеі. І дадаў, што Крэмль чакае адмены блакавання «Комсомольской правды в Беларуси». Затое ў абарону Мажэйкі выступіў Саюз журналістаў Расеі:

«Затрыманне і ўтрыманне журналіста, якое суправаджаецца татальным маўчаннем адказных сілавых структураў, не можа расцэньвацца інакш, чым ціск на прэсу і пагроза журналісту».

Журналіста Генадзя Мажэйку затрымалі ў ноч з 1-га на 2-га кастрычніка, меркаваная прычына затрымання – артыкул пра перастрэлку ў менскай кватэры, у якім аднакласніца айцішніка Андрэя Зельцара дае яму станоўчую характарыстыку. Пасля гэтага быў заблакаваны сайт газеты.

«Тут узнікае паралель з гісторыяй Кацярыны Барысевіч, якая ўсяго толькі дала інфармацыю пра тое, якія абставіны былі ў адной з крымінальных справаў, і гэта ўжо стала падставай для пераследу», – патлумачыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Акрамя Мажэйкі паводле тых жа самых артыкулаў затрымалі яшчэ мінімум 200 чалавек, якія каментавалі навіну пра перастрэлку ў менскай кватэры. Зрабіць гэта дапамог адмысловы бот, у які нейкія гэтак званыя неабыякавыя грамадзяне рабілі даносы. Пра гэта заявіў начальнік крымінальнай міліцыі Менску Генадзь Казакевіч:

«Людзі выказвалі спачуванне. Людзі прасілі і патрабавалі абараніць іх ад такіх віртуальных змагароў, давалі нам інфармацыю, што абсалютна нармальна, паводле якой мы гэтых нягоднікаў знаходзілі».

Тэлеграм-канал ГУБАЗіКу дае спасылку на той самы бот і паведамляе, нібыта ўсяго сілавікам вядомыя імёны трохсот каментатараў у Беларусі і 120 каментатараў за межамі краіны. Праваабарончы цэнтр «Вясна» называе больш за 110 імёнаў затрыманых.

«На жаль, гэта стала звыклым – дзяржава і ўлада рэгулярна парушаюць правы: права на мірны сход і права на свабоду выражэння меркавання. Гэта факт, і гэта яўнае парушэнне правоў чалавека і нацыянальнага закону», – каментуе Павел Сапелка.

Паводле юрыста, варажнечу ў грамадстве нельга распаліць адным ці двума паведамленнямі ў сацыяльных сетках.

Паводле «Вясны», праз 72 гадзіны пасля затрымання большасць схопленых за каментары на волю не выйшла. У гэтым спісе і гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Яго затрымалі 30 верасня, верагодна, за пост у Facebook, у якім ён спачуваў родным і блізкім загінулага ў перастрэлцы Андрэя Зельцара. Маці Іллі Валянціна, якой ужо 71 год, дужа пераймаецца. Кажа, што ганарыцца сынам і як можа падтрымлівае. Перакананая, што ён нічога кепскага не рабіў і не робіць, нават наадварот.

Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, улады вельмі дакладна далі зразумець, што адным, накшталт генерал-маёра Алега Белаконева, які прапанаваў «мачыць у сарціры» 100 чалавек за аднаго забітага, можна выказваць сваё меркаванне, а іншым – не.

Ірына Карніенка, «Белсат»