Зяленскі мяняе міністра абароны


Ва Украіне мяняюць міністра абароны. Кадравыя перамены ў вайсковым ведамстве напярэдадні анансаваў Уладзімір Зяленскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«АляксейРэзнікаў прайшоў гэтыя больш за 550 дзён поўнамаштабнай вайны. Я лічу, што міністэрства патрабуе новых падыходаў і іншых фарматаў узаемадзеяння як з вайскоўцамі, так і з грамадствам у цэлым».

Аляксей Рэзнікаў падаў у Вярхоўную Раду заяву аб адстаўцы і выказаў гатовасць даць справаздачу перад парламентарыямі ды дзяржавай. Адным са сваіх галоўных дасягненняў Рэзнікаў называе змену мыслення заходніх саюзнікаў Украіны. За некалькі тыдняў да вялікай вайны Вашынгтон не хацеў перадаваць Кіеву нават зенітных ракетных комплексаў «Стынгер». Цяпер жа на ўзбраенні ўкраінскага войска стаяць перадавыя ўзоры заходняй бранятэхнікі. А ў хуткім часе ЗСУ атрымаюць і сучасныя натаўскія знішчальнікі.

«У кошык поспехаў можна залічыць натуральна працу ў фармаце “Рамштайн”. Ён змог наладзіць добрую міжнародную працу міністэрства абароны. Гэта плюс. Мінус, вядома, – гэта адсутнасць каманды насамрэч. Але, я падазраю, гэта не зусім асабіста яго віна», – кажа вайсковы эксперт, кіраўнік праграм бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

Размовы аб адстаўцы Аляксея Рэзнікава пачаліся даўно, на фоне скандалаў з закупамі Мінабароны. Ведамства абвінавачвалі ў завышэнні коштаў на харчы ды адзенне для вайскоўцаў. Чарговы скандал выбухнуў у канцы жніўня. Украінскае Мінабароны папракнулі ў набыцці летніх куртак для ЗСУ замест зімовых.

Аляксей Рэзнікаў.
Фота: Резніков Олексій/ Facebook

Імя чалавека, які мусіць замяніць Рэзнікава, назваў у вечаровым звароце Уладзімір Зяленскі:

«Цяпер узначаліць міністэрства павінен Рустэм Умераў. Вярхоўная Рада Украіны добра ведае гэтага чалавека, і спадар Умераў не мае патрэбы ў дадатковых прадстаўленнях. Чакаю ад парламента падтрымкі гэтай кандыдатуры».

Рустэму Умераву 41 год. Этнічны крымскі татарын. Нарадзіўся ва Узбекскай ССР. Сёння ён напісаў заяву аб адстаўцы з пасады кіраўніка Фонду дзяржмаёмасці Украіны, на якой працаваў амаль год. Умераў займаўся праваабарончаю дзейнасцю і дамагаўся вызвалення крымскіх татараў і ўкраінцаў, прызнаных палітвязнямі, з расейскіх турмаў. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўваходзіў у дэлегацыю на перамовах з агрэсарам. Апошнім часам Умераў займаўся абменам палоннымі.

«Зараз ніводзін з нашых партнёраў, я не ведаю, акрамя якога-небудзь зусім адбітага, не зможа так проста ў вочы міністру абароны сказаць: украінцы, ну, навошта вам гэты Крым давайце дойдзем да межаў 22 года і далей будзем рэгуляваць палітычным шляхам. Умераву наўрад ці змогуць сказаць такое ў вочы», – мяркуе Паўло Лакійчук.

Далейшы ж лёс Рэзнікава пакуль невядомы. Паводле ўкраінскіх медыяў, Рэзнікаў можа стаць амбасадарам Украіны ў Вялікай Брытаніі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»