На чым працягвае трымацца беларуская эканоміка


Паказнікі падаюць, прыбыткі – растуць! Упершыню ў гісторыі атрымаць $ 8 млрд экспартнай выручкі плануе Мінсельгасхарч Беларусі. Ніякіх праблемаў з экспартам пасля ўведзеных санкцыяў галіна не адчувае – сцвярджае міністр Ігар Брыла. «Белсат» мае адказ эканамістаў на гэтыя заявы. Ацанілі таксама санкцыйны ціск у іншых галінах.

Працоўныя месцы захаваныя, харчовая прадукцыя вырабляецца і, паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, няблага экспартуецца ў Расею, СНД, Азію і Афрыку. За сем месяцаў атрымалі $ 4,4 млрд выручкі, $ 8 млрд – рэкордная планка, да якой імкнуцца па выніках года.

Пры гэтым – пятая частка гаспадарак памерлі – прызнаў Лукашэнка напярэдадні і загадаў іх «ажывіць»:

«Якое ж прадпрыемства дрэнна працуе прамысловае? (…) Амаль усе добра працуюць. Попыт на прадукцыю ёсць і гэтак далей. Таму прылучаць стратныя прадпрыемствы да прамысловых – будзем і надалей працягваць».

Вытворчасць сельгаспрадукцыі па выніках 7 месяцаў упала на 10,2 %. ВУП Беларусі – на 5,2 % па выніках ліпеня, а рэальныя даходы насельніцтва знізіліся на 2,7 %. Як бачым, валавы ўнутраны прадукт не прапарцыйна ўплывае на дабрабыт грамадзянаў. Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, чаму:

«Шмат у чым гэта адбываецца за кошт таго, што некаторы цяжар бягучых праблемаў бяруць на сябе прадпрыемствы. Зараз па даходах мы вярнуліся ў канец 2017-га, пачатак 2018-га года. Такая эканамічная машына часу».

Пасля пачатку вайны Дзмітрый Крук дапускаў, што пад ціскам санкцыяў у найгоршым выпадку даходы насельніцтва могуць знізіцца да ўзроўню пачатку стагоддзя. Але чыноўнікам удаецца ў пэўнай ступені абыходзіць санкцыі і захоўваць неблагі фінансавы стан дзяржаўных прадпрыемстваў, кажа ён. Згуляў на карысць стан сусветных рынкаў і рост цэнаў на спажывецкія тавары.

«Атрымліваецца, што часцяком страта экспартных аб’ёмаў змазваецца, нівелюецца павелічэннем выручкі на фоне росту цэн. То бок нават прадпрыемствы, якія сутыкнуліся з санкцыямі, у фінансавай плыні губляюць не так моцна», – патлумачыў Дзмітрый.

Такая формула беларускага экспартавага цуду – у харчовай галіне, але не ва ўсіх. Калійная, нафтахімічная і дрэваапрацоўчая галіны – адчулі санкцыі ўжо сёлета.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін адзначае, што сёлета не будзе сістэмнага калапсу ці банкруцтва на ўзроўні макраэканомікі.

«Што будзе ў наступным годзе – сказаць складана, паколькі эканоміка яшчэ ў стане падзення. Паколькі яшчэ да канца не перабудаваліся лагістычныя ланцужкі і мы не бачым яшчэ да канца тых эфектаў санкцыяў, якія будуць у будучыні», – прагноз Уладзіміра Кавалкіна.

Менавіта ў 2023 годзе і наступных можна будзе ацаніць уздзеянне санкцыяў. Рэжым, супраць якога яны дзеюць, рыхтуецца… Нацыянальны статыстычны камітэт раней схаваў звесткі па экспарце, а днямі – і справаздачы аб выкананні бюджэту і па вонкавым доўгу, сплачваем які, як вядома, гуртам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»