Што будзе ў пятым пакеце санкцыяў?


У гэты панядзелак міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу абмяркуюць чарговы – ужо пяты – пакет санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Новыя абмежаванні маюць быць сінхранізаваныя з уладамі ЗША і Канады.

«Пяты пакет санкцыяў рыхтуецца ўжо прыкладна адзін месяц. Некалькі краінаў Еўразвязу склалі свае прапановы, хто павінен трапіць туды. У прыватнасці, абмяркоўваецца ўключэнне туды вінаватых у нелегальнай міграцыі на мяжы з Польшчай і Літвой, з уключэннем імёнаў суддзяў і пракурораў, а таксама прапагандыстаў лукашэнкаўскіх дзяржаўных тэлеканалаў», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Папярэдні пакет, прыняты ў чэрвені, пакінуў уладзе Лукашэнкі прастору для манеўраў. Новыя захады гэтыя шчыліны перакрыюць, кажа Франак Вячорка, і адзначае: санкцыі працуюць. Апошнімі даціснулі буйныя прадпрыемствы, пазбавіўшы іх гандлю ды інвестыцыяў.

«Мы ведаем, што МЗС Макея закідвае паведамленні ў МЗС еўрапейскіх краінаў, маўляў: «Мы гатовыя да дыялогу. Не ўводзьце санкцыяў». І нават абяцаюць вызваліць некалькі дзясяткаў чалавек, аж да 150 імёнаў, у тым ліку тых, хто ў так званым спісе Васкрасенскага, але не толькі», – кажа Франак Вячорка.

Ісці на саступкі першымі ні офіс Святланы Ціханоўскай, ні заходнія краіны не збіраюцца. Мэта міжнароднага ціску застаецца ўсё той жа – новыя свабодныя прэзідэнцкія выбары і вызваленне ўсіх палітвязняў. Уласна цяпер, каб прыпыніць увядзенне новых санкцыяў, рэжыму давялося б ня толькі вызваліць палітычных апанентаў, але і спыніць хвалю незаконнай міграцыі ў краіны Еўразвязу.

Надзея Бельская, «Белсат»