Якімі будуць новыя захады Польшчы супраць рэжыму Лукашэнкі?


Ад словаў да справы. Улады Польшчы ўзмацняюць ціск на рэжым Лукашэнкі. Днямі міністр унутраных спраў краіны заявіў пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю, а ўчора на чыгуначным перавале Малашэвічы польскія памежнікі тэставалі ўзмоцнены кантроль над беларускімі грузамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэставы кантроль на мытным пункце ў Малашэвічах трываў усяго 33 гадзіны, але гэтага хапіла, каб прадэманстраваць: адказ польскіх уладаў на агрэсію лукашэнкаўскага рэжыму будзе адчувальны.

«Лукашэнка сабраў савет бяспекі дзеля таго, каб ацаніць наступствы – а што ж будзе? Наступствы будуць даволі значныя. Гэта тычыцца экспарту-імпарту з Еўрапейскім Саюзам. І гэта мільярды еўраў. Па розных ацэнках гэта можа быць 5 мільярдаў еўраў», – кажа намеснік кіраўніцы Пераходнага кабінету, лідар НАУ Павел Латушка.

У беларускіх кантэйнерах, якія трапілі пад пільны надгляд, былі ў асноўным кітайскія тавары. Перавал у Малашэвічах – важная кропка транзітнага праекту Кітаю «Адзін пояс – адзін шлях». Менавіта праз гэты пункт у Еўразвяз трапляе значная частка тавараў з Паднябеснай. Але цяпер стратэгічнае значэнне перавалу пастаўленае пад пытанне.

«Што тычыцца транзіту – гэта вялікія страты для беларускай чыгункі і ўсіх, хто займаецца лагістыкай. Зразумела, гэта моцны ціск і на інтарэсы РФ – не толькі на Лукашэнку. Лукашэнка сёння зарабляе з мяжы больш, чым з уласнага экспарту», – дадае Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таварны цягнік. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Калі Польшча ўвядзе захады для кантролю на памежных чыгуначных пунктах, зарабляць на транзіце Лукашэнка больш не зможа.

«Беларусь згубіць шмат грошаў. Да таго ж яна згубіць шмат грошаў, якія атрымлівае на пасіве. Спынецца паток у бюджэт і Лукашэнка пападзе ў большую залежнасць ад Расеі, таму што транзіт рабіў Беларусь унікальнай», – зазначае доктар навук, эксперт у справе эканомікі і права Яраслаў Кот.

Раней праз Беларусь праходзіла каля 80 адсоткаў ад усіх чыгуначных грузаў з Паднябеснай у Еўропу, але абмежаванні з боку Польшчы вымушаюць Пекін шукаць кружных шляхоў для сваіх грузаў. Настасся Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, тлумачыць:

«Літаральна ў пачатку чэрвеня сёлета было падпісанае пагадненне з Узбекістанам і Кыргызстанам наконт будаўніцтва новага шляху чыгункі, які будзе праходзіць праз дадзеныя дзяржавы і потым праз Турцыю ў Еўропу».

Польшча б’е па беларускім рэжыме і праз дыпламатычныя каналы. Пасля візіту прэзідэнта краіны Анджэя Дуды ў Кітай і агучвання праблемаў памежнага крызісу колькасць спробаў парушыць мяжу з боку Беларусі знізілася больш як на траціну.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»