Сяброўства ў ШАС: навошта Лукашэнка цягне Беларусь у Азію?


Лукашэнку прынялі ў Шанхайскую арганізацыю супрацы (ШАС). Дагэтуль Беларусь 15 гадоў не наважвалася далучыцца да аб’яднання. Як сённяшнюю падзею падаюць рэжым і прапаганда? І што гэта азначае насамрэч?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь прынялі ў Шанхайскую арганізацыю супрацы. Адпаведнае рашэнне падпісалі сёння падчас паседжання Савету кіраўнікоў дзяржаваў-чальцоў у Астане. Лукашэнка і ягоныя прапагандысты ўсяляк падкрэсліваюць важнасць гэтай падзеі.

Цяпер у ШАС дзясятак чальцоў. Заснаваная ў 2001 годзе арганізацыя ўключае ў сябе буйныя краіны перадусім Азіі. У абʼяднанне ўваходзяць Кітай, Індыя, Пакістан, Расея. Агульная колькасць насельніцтва краінаў ШАС – прыкладна 3,5 мільярды чалавек.

«ШАС – гэта перш за ўсё Кітай. Гэта арганізацыя лаяльных Кітаю дзяржаваў. І яна пачынае адыгрываць больш шырокую ролю для самога Кітаю. Гэта тыя краіны, якія гатовыя з ім дзяліць ідэю Супольнасці адзінага лёсу, ідэі Сі Цзінь Піна», – мяркуе экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі Наталля Бутырская.

Беларусь – адзіная ў ШАС еўрапейская краіна, і гэта не дадае аднароднасці ці згуртаванасці арганізацыі, зазначае Наталля Бутырская:

«Сябры гэтай арганізацыі перыядычна паміж сабой ваююць. Дапусцім, два гады таму, калі было паседжанне ШАС і сустрэча лідараў, якраз у гэты час паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам узнік ваенны канфлікт з выкарыстаннем арміі, вайсковых сілаў. Пры гэтым ШАС і лідары – яны прамаўчалі, не адрэагавалі на гэты канфлікт».

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС. Самарканд, Узбекістан. 15 верасня 2022 года.
Фота: Пул первого / Telegram

Сёння Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу з генеральным сакратаром Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў Антонью Гутэрышам. Кіраўнік ААН уздымаў пытанні парушэння правоў чалавека ў нашай краіне. Але дзяржаўныя медыі пра гэта не згадалі, звярнуўшы ўвагу на сам факт сустрэчы. Адбылася размова Лукашэнкі з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, а таксама з кіраўніком Кітаю Сі Цзінь Пінам.

«Ілюзія прысутнасці ў міжнароднай палітыцы. Крыкі экспертаў, што вось гэта які вялізарны прарыў беларускай рэжымнай дыпламатыі. Вось, уласна кажучы, усё, пералік нейкіх плюсікаў на гэтым завяршаецца. Але для яго гэта таксама нямала», – зазначае кандыдат гістарычных навук, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Такі разварот Беларусі ў бок Азіі не будзе мець падтрымання ў грамадстве, мяркуе эксперт:

«Беларусь павярнулася ў асобе Аляксандра Рыгоравіча ў Азію. Спрабуе там нацягнуць на сябе азіяцкі выраз твару. Улічваючы стаўленне да рэжыму Лукашэнкі ў той жа Беларусі, можна казаць, што, наадварот, гэта станоўча паўплывае на еўрапейскі выбар беларускага грамадства».

Эканамічныя бонусы ад удзелу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацы невідавочныя, зазначае Яўген Красулін. Арганізацыя не мае інструментаў і механізмаў для эканамічнага спрыяння сваім чальцам. Ніякіх значных супольных бізнес-праектаў у межах ШАС ніколі не агучвалі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»