У Еўропе адбываюцца выбары ў Еўрапарламент


У Еўразвязе абіраюць дэпутатаў у Еўрапейскі парламент. У бальшыні краінаў выбары пройдуць у найбліжэйшую нядзелю. Партугальцы ж пачалі галасаваць яшчэ ў мінулыя выходныя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Партугалія належыць Еўразвязу, таму аддаць свой голас важна, каб мець уплыў не толькі ў Партугаліі, а і ў Еўразвязе ў цэлым».

«Мы – у Еўропе. Мы павінны быць добра рэпрэзентаваныя ў Еўразвязе, таму мы павінны галасаваць», – кажуць партугальскія выбарнікі.

У абавязкі Еўрапарламенту ўваходзіць: прыняцце ўсіх законаў Аб’яднанай Еўропы супольна з Радай Еўразвязу; зацвярджэнне Еўракамісіі і абранне яе старшыні; а таксама кантроль вышэй згаданых еўрапейскіх структураў; фармаванне бюджэтнай камісіі ды зацвярджэнне агульнага бюджэту.

«Гэтыя выбары з аднаго боку нібыта тычацца агульных еўразвязаўскіх пытанняў, але з іншага боку – гэта такі тэст і, часам, санкцыя адносна кіроўных урадаў, кіроўных партыяў, то бок гэта спосаб замерыць стан грамадскай думкі», – падкрэслівае палітолаг Алесь Лагвінец.

Выбары ў Еўрапарламент ладзяцца кожныя пяць гадоў шляхам усеагульнага галасавання. У 27-мі краінах-чальцах маюць права галасаваць каля 370-ці мільёнаў выбарнікаў. У парламент абяруць 720 дэпутатаў. Месцы размяркоўваюцца паміж краінамі прапарцыйна насельніцтву.

«Я думаю, што Еўрапейская народная партыя, правацэнтрысцкая, застанецца найбуйнейшай групай і наймацнейшай сілай, будзе мець права вызначаць парадак дня ў Еўрапарламенце. Мы чакаем, што доля галасоў левацэнтрысцкай групы ў Еўрапарламенце – сацыялістаў і дэмакратаў – трохі знізіцца, знізіцца таксама і доля цэнтрысцкіх групаў, а таксама зялёных», – прагназуе старэйшы палітычны супрацоўнік Еўрапейскай рады замежных сувязяў (ECFR) Сюзі Дэнісан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапарламент.
Крыніца: evo-news.ru

Гэтак, новы Еўрапарламент можа стацца больш правым за папярэдні. Што так ці іначай прывядзе да некаторых змяненняў у стасунках і стаўленні да беларускага пытання.

«Прыярытэтам можа стаць больш не прасоўванне дэмакратыі, а больш пытанні міграцыі, бяспекі. На практыцы гэта выліваецца ў тое, што прымаюцца нейкія абмежавальныя захады. Калі іх прымаюць – уяўляюць нейкіх мігрантаў з блізкага ўсходу, якія рабуюць, забіваюць (што таксама вельмі стэрэатыпна), а на практыцы гэта можа біць па беларускіх палітычных мігрантах», – мяркуе каардынатар «Нашай візіі» палітолаг Вадзім Мажэйка.

Але ўсё адно ў Еўрапарламенце застануцца тыя, хто падтрымлівае і спрыяе беларускім дэмакратычным сілам. Таму можна спадзявацца, што пагадненне пра супрацу паміж еўрапейскаю структурай і беларускімі палітыкамі ў выгнанні працягнецца.

«Гэта беспрэцэдэнтнае пагадненне, калі Еўрапарламент падпісвае дамову не з уладамі, якія сядзяць у сталіцы, а з уладамі, якія знаходзяцца ў, мякка кажучы, больш складаным стане. Сам факт падпісання такога беспрэцэдэнтнага пагаднення дэманструе прыязнасць Еўрапарламенту і гатовасць да супрацы, прычым да супрацы сістэмнай», – кажа Вадзім Мажэйка.

Хоць дэкларацыі Еўрапарламенту не так моцна ўплываюць на замежную палітыку ў цэлым, бо не маюць юрыдычнай вагі, важна, каб дэпутаты заставаліся скансалідаваныя між сабой і прымалі ўзважаныя рашэнні.

«У інтарэсах Беларусі, каб позіркі Еўразвязу былі скіраваныя ў бок нашага рэгіёну, каб абяцаная палітыка пашырэння працягвалася і каб Еўразвяз сапраўды адыграў стабілізацыйную ролю, якую ён граў у цэнтральнай Еўропе адносна нашага кантыненту», – кажа Алесь Лагвінец.

Папярэднія вынікі цяперашніх выбараў абвесцяць увечары ў нядзелю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»