Расейскамоўнай праграме «Вот Так» на «Белсаце» споўнілася 7 гадоў


Сем гадоў – няшмат для чалавека. Але цэлае багатае жыццё для тэлепраграмы. Роўна сем гадоў таму адбыўся першы эфір нашых калегаў з расейскамоўнай рэдакцыі «Вот так». Было толькі 15 хвілінаў эфіру ў запісе, цяпер – дзве гадзіны жывога эфіру штодня. А таксама адмысловыя выпускі, інтэрв’ю, праца ў гарачых кропках, гатовасць увайсці ў эфір фактычна імгненна. І гэтак сем год. Ды амаль паўтары мільёны падпісчыкаў на канале ў ютубе. Сімвалічна – менавіта сёння «Вот так» атрымаў доўгачаканы Залаты гузік ютуба яшчэ за даўні мільён падпісчыкаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта наш белсатаўскі ньюзрум, менавіта тут робяцца праграмы, пішуцца навіны і здымаюцца некаторыя выданні. І не толькі па-беларуску. Плячо да пляча мы працуем з калегамі з расейскамоўнай рэдакцыі – праграмы «Вот так», якой сёння спаўняецца сем гадоў.

Пачынаў «Вот Так» усяго з 15-ціхвілінай навінавай праграмы, што выходзіла пяць разоў на тыдзень. На той час каманда была зусім невялікая – над выданнямі працавалі тры журналісты: Маша Макарава, Ігар Віняўскі і Юрый Салодкі.

«Галоўная мэта – замяніць тую позву, якую транслююць федэральныя пракрамлёўскія каналы расейскія. Мы прыйшлі са сваёй позвай, мы прыйшлі, можна сказаць, на тэрыторыю Расеі і распавядалі праўду пра сітуацыю ўнутры Расеі, праўду пра палітыку крамля па-за межамі Расеі», – узгадвае кіраўнік рэдакцыі «Вот Так» Юрый Салодкі.

Аднак не ўсім гледачам «Белсату» прыйшлося да спадобы зʼяўленне ў эфірнай сетцы каналу расейскамоўнага зместу.

«Часта можна пачуць нібыта “Вот Так” ствараўся, каб русіфікаваць “Белсат”. Гэта няпраўда, “Вот Так” ствараўся дзеля таго, каб зрабіць базу, платформу, падставу дзеля стварэння асобнага ТВ на расейскай мове, у якім бы расейцы, беларусы і ўкраінцы змагаліся з расейскай дэзынфармацыяй і прапагандай», – тлумачыць выканальнік абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Пакрысе каманда праграмы разрасталася, што дазваляла рэагаваць на самыя важныя сусветныя падзеі. Журналісты асвятлялі пажар у «Зімняй вішні» ў расейскім Кемераве, пратэсты ў Расеі. Дзякуючы імгненнай рэакцыі вот-такаўскай рэдакцыі «Белсат» стаўся першым беларускім выданнем, якое ў рэальным часе апавядала гледачам пра поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Чаго не пакінулі без увагі расейскія ўлады.

«У Расеі ў нас існавала сетка карэспандэнтаў з захаду на ўсход, амаль у кожным буйным горадзе. Пасля ўварвання большасць людзей засталася на тэрыторыі Расеі, але сышла ў падполле: яны працягваюць на нас працаваць рабіць відэа, не паказваючы свайго твару, не называючы свайго прозвішча», – кажа кіраўнік рэдакцыі «Вот Так» Юрый Салодкі.

Рэдакцыя Белсату
Журналіст і вядоўца Алесь Папко ў вечаровым эфіры праграмы «Вот Так». 30 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Меней як за месяц вайны ў рэдакцыі сфармавалася шырокая сетка ўкраінскіх журналістаў, што дазваляе дасюль асвятляць злачынствы расейскіх вайскоўцаў ва Украіне.

«Мы маем свежы матэрыял з гораду Дняпро, куды прыляцела дзве расейскія ракеты, і наш карэспандэнт з Дняпра будзе рабіць прамое ўключэнне. Гэта вельмі важна, бо глядач вачыма нашых карэспандэнтаў можа быць прысутным у месцах тых падзей, ён можа ўласна ўбачыць, што перажываюць людзі ва Украіне падчас вайны. Гэта – праўда. І гэта – наш эксклюзіў», – тлумачаць прадзюсарка сеткі карэспандэнтаў «Вот Так» ва Украіне Лілія Кірычава.

Такім чынам, у свой 8-ы год «Вот Так» уваходзіць вялікай інтэрнацыянальнай камандай асобаў, абʼяднаных адзінаю мэтаю – данесці праўдзівую інфармацыю да гледача.

«Гэтае месца стала нейкім сэйфспейсам, якое дапамагло, па-першае, неяк існаваць у сітуацыі, калі твая краіна вядзе агрэсіўную вайну супраць суседняй краіны. І зараз гэта дае мне сэнс. Я разумею, навошта я тут, што я раблю, што трэба рабіць», – кажа вядоўца праграмы «Вот Так» Аляксандра Шапаліна.

Дбайнасць і стараннасць каманды адзначаюць і гледачы. Летась канал праграмы займеў мільённага падпісчыка, што прынесла рэдакцыі Залаты гузік.

Аліна Скрабунова, «Белсат»