На мяжы з Літвою збіраюцца чэргі і горы харчоў


На мяжы Беларусі з Літвою захоўваюцца вялікія чэргі з аўтамабіляў. Агулам у двух дзейных пунктах пропуску на 14-ую гадзіну 4-га чэрвеня чакалі выезду з нашай краіны амаль дзвесце легкавікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аднак цяпер не так уражваюць фотаздымкі шматкіламетровай чаргі на літоўскіх памежных пераходах, як горы бутэлек, пакетаў і скрыняў, якія застаюцца пасля дагляду мытнікаў. Вось як гэтую сітуацыю апісваюць людзі:

«Каменны Лог. На мяжу прыехалі а 23:15. На дагляд багажу кожнага аўтобуса ішло прыкладна паўтары-дзве гадзіны. Правяралі абсалютна ўсё. І ўсе прадукты, лекі ішлі ў смецце».

«Прымушаюць выкідваць усё: печыва, квас, закрытыя бутэлькі з вадою. Можна правезці толькі паўбутэлькі вады адкрытай».

«Трасуць торбы поўным ходам: бачу, што цэлымі скрынямі. Забралі “Баржомі” і квас “Лідскі”. Торбы агромністыя з прадуктамі – у смецце».

Асабліва пільны дагляд праводзяць у межах забароны на ўвоз у Літву сельгаспрадукцыі і кармоў з Беларусі і Расеі, што пачала дзеяць напярэдадні.

У спісе, які распрацавала Міністэрства сельскай гаспадаркі і зацвердзіў урад Літвы, – каля 3-ох тысяч тавараў. Сярод іх – прадукты з мяса, рыбы, крупы, садавіна і гародніна, цукровыя кандытарскія вырабы, а таксама алкагольныя і безалкагольныя напоі, тытунь. Правозіць такія тавары дазваляюць толькі транзітам, які трэба пацвердзіць дакументальна.

«Гэтае вось абмежаванне, гэтыя санкцыі, хутчэй за ўсё, накіраваныя супраць Расеі. Але Беларусь яны таксама цалкам закранаюць, бо аддзяліць імпарт з Беларусі і з Расеі немагчыма. І часта пад выглядам тых жа беларускіх тавараў, імпартаваліся расейскія», – патлумачыла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

Фактычна з ж забарона літоўскіх уладаў закранула не толькі буйных дастаўцаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расеі, але і звычайных грамадзянаў, якія вымушаныя выкідаць нават мінімальныя ссабойкі. Аднак Літоўская мытня не бачыць праблемы ў гэткіх жорсткіх захадах.

«Імпарт забаронены. Транзіт – можа быць. Імпарт забаронены ў Літву гэткіх прадуктаў. І вы там маеце адзін бутэрброд – пра гэта нічога не гаворыцца. Ну, вы можаце з’есці гэты бутэрброд да мяжы», – адказалі на гарачай лініі мытні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Праўда, у пісьмовым адказе на запыт нашага тэлеканалу тлумачэнне наконт абмежаванняў для фізічных асобаў больш канкрэтызавалі:

«Літоўская мытня інфармуе, што выконвае пастанову ўраду Літоўскай Рэспублікі, у якой не прадугледжаныя выключэнні, у тым ліку для фізічных асобаў».

На сітуацыю адрэагавалі дэмакратычныя сілы Беларусі. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі заявіў, што ўжо звязаўся з МЗС Літвы, каб звярнуць увагу дыпламатаў на праблему.

«Гэтыя захады бʼюць па беларусах, па людзях, па фізічных асобах. Яны фактычна павінны несці гэты цяжар адказнасці за дзеянні рэжыму, пры тым, што сам рэжым стаіць у баку і пасміхаецца ад гэтай сітуацыі. Мне, канешне, цяжка тут тлумачыць логіку літоўскіх уладаў. Я таксама думаю, што нам трэба даць ім час і прастору, каб правесці ўнутраную працу», – дадаў Валер Кавалеўскі.

Сёння пачало дзеяць яшчэ адное абмежаванне для беларусаў, уведзенае літоўскім бокам. Цяпер вывезці легкавікі, якім меней за пяць гадоў, з Еўразвязу ў нашую краіну можна толькі пры наяўнасці пакету пэўных дакументаў. А менавіта – пацвердзіць, што аўта ў далейшым не перапрададуць у Расею.

Ірына Юрʼева, «Белсат»