«BEROC» пра эканоміку-2024: «Расці нельга спыніцца»


У Менску кажуць пра эканамічную стабільнасць, рост і беларускую зялёную выспу. Але што б не казалі лукашэнкаўскія эканамісты, стагнацыя эканомікі працягваецца. Адно графікі не зніжаюцца, а паказваюць павольны аднаўленчы рост. Даследніцкі цэнтр «BEROC» прэзентаваў матэрыялы маніторынгу эканомікі Беларусі. Якімі сёлета будуць асноўныя эканамічныя паказнікі, а таксама заробкі ды інфляцыя? І як насельніцтва ацэньвае эканоміку краіны і свой уласны дабрабыт?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На 16 % знізіліся даходы ў чацвёртай часткі апытаных у траўні даследнікамі цэнтру «BEROC». У анкетаванні онлайн удзельнічалі 1002 рэспандэнты з розных гарадоў Беларусі. Адзначылі, што даходы зменшыліся перадусім праз рост цэн і меншую колькасць замоваў у арганізацыях. Матэрыяльны стан траціны – пагоршыўся, а для дарагіх пакупак – яшчэ не настаў час.

«Пра тое, што час спрыяльны, кажуць 17 % апытаных. У той жа час пра тое, што цяпер адпаведны час для зберажэнняў, кажуць адно 23 % рэспандэнтаў», – распавядае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Віялета Панасевіч.

Па выніках апытання (паводле метадалогіі Рассстату і Еўрастату) даследнікі вывелі Індэкс спажывецкай упэўненасці. Ён ілюструе настроі і чаканні хатніх гаспадарак, тлумачыць стратэгію спажывецкіх паводзінаў насельніцтва. У Беларусі індэкс больш пазітыўны, чымся ў Расеі, хоць і ўпаў на адну цэлую дзве дзясятыя адсоткапункта, а ў Расеі – скочыў на 6 адсоткапунктаў і працягвае рост. Сярод галоўных выклікаў эканомікі людзі адзначылі:

«Першае па папулярнасці – гэта тое, што больш за палову рэспандэнтаў заўважаюць адток кваліфікаваных кадраў з краіны. Таксама каля паловы кажа пра ўздзеянне санкцыяў, а 45 % бачаць у якасці выкліку вайну», – распавяла Віялета Панасевіч.

На чацвертай пазіцыі – упадак у гандлі з Заходнімі краінамі. Адчуванні людзей трапныя, кажуць даследнікі: айчынных тавары ў асноўным прадаюцца на ўнутраным рынку, экспарт накіраваны перадусім у Расею, але не стабільны, што можа ўплываць на выручку. А на інфляцыю – уплывае між іншага курс расейскага рубля.

«Для інфляцыі ў Беларусі фармуюцца ўмовы да некаторага (а нават не некаторага) паскарэння. Але стрымліваць яго перанос у цэны працягне цэнавы кантроль. У базавым сцэнары дапускаецца, што ён захаваецца, відаць, да канца электаральнай кампаніі», – кажа эксперт Цэнтру «BEROC» Анатоль Харытончык.

Простымі словамі: адпусціць цэны могуць толькі пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў. Паводле Анатоля Харытончыка, па выніках года афіцыйная інфляцыя – 7 %. А валавы ўнутраны прадукт можа сягнуць 3 %, што стала нечаканасцю для аналітыкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы.
Фота: 1prof.by

«Галоўны чыннік гэтага – спажывецкі попыт. Менавіта ён – рухавік таго, што адбываецца ў эканоміцы. Ну, і адна з інтэрпрэтацыяў, магчымы празмерны спажывецкі аптымізм. І другая па важнасці тэндэнцыя – некаторы скок попыту з боку Расеі, што дазволіла вярнуцца на тыя максімумы паставак, што былі да сярэдзіны 2023-га года», – кажа Дзмітрый Крук.

У сваёй прэзентацыі ён вылучыў дзве галіны – сельскую гаспадарку, якая паказала незалежны ад попыту рост у першым квартале года, і ІТ, што перастала падаць, адскочыўшы ад узроўню дапратэставага 2019-га года.

«У выпадку IT некалі гэтае дно мусіць быць дасягнутае. То бок не ўсе айцішнікі з’ехалі б з Беларусі. Некаторыя кампаніі знайшлі, як працаваць са сваімі кліентамі з Беларусі, хтосьці пераарыентаваўся на Расею», – кажа Дзмітрый Крук.

Але ўсцяж не вядома, дзе паставіць коску ў фразе «Расці нельга спыніцца» – канстатуе аналітык. Сярод сімптомаў хваробы беларускай эканомікі застаецца дэфіцыт працоўнай сілы, рост заробкаў, хутчэйшы чым вытворчасць працы, пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў і дэфіцыт плацежнага балансу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»