«Інфармацыя нібы вада – усё роўна прасочыцца»


Спартовых журналістаў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнку пакаралі адміністратыўным арыштам. У пратаколе фігуруе сцяг, вывешаны ў акне кватэры, дзе яны жывуць.

На судзе абодва віны не прызналі ды сцвярджалі, што ніякага сцяга не было. Але суддзя Юлія Блізнюк усё роўна адправіла журналіста Трибуны» і аўтара youtube-каналу «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна за краты на 30 дзён, а мантажора Яраслава Пісарэнку – на 15. Учора ў кватэры журналістаў міліцыя ўчыніла агляд. Пасля журналістаў адвезлі на Акрэсціна.

«Мы ўвайшлі ў такі гістарычны час, што любога чалавека могуць затрымаць на вуліцы, у машыне, кватэры і адправіць на содні, прычым абсалютна не важна, было ў цябе нешта забароненае: сцяг, шалік там, нейкія колеры – ці ўвогуле нічога не было», – каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Шэраг беларускіх друкарняў адмовіліся ад супрацы з незалежнаю «Газетай Слонімскай». Пасля ператрусу штотыднёвік і так не выходзіў паўгода, але ў пачатку траўня газету вярнулі ў рэестр друкаваных выданняў. І тым не менш нават з ліцэнзіяй газета вымушаная застаецца ў онлайне.

«Улады не забілі журналістыку проста таму, што ў 21-м стагоддзі цалкам адрэзаць людзей ад інфармацыі немагчыма. Інфармацыя як вада – усё роўна прасочыцца. Вялікі рэспект і пашана тым калегам, якія застаюцца ў Беларусі асвятляць падзеі. Беларусам зараз вельмі патрэбна праўдзівая інфармацыя. Вельмі шмат прапаганды і фэйкаў», – кажа Барыс Гарэцкі.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева пасля этапу ў Гомельскую калонію ўпершыню за паўгода ўбачыла неба. Але этап з Жодзіна ў Гомель з прыпынкам у Магілёве адбываўся ў жорсткіх умовах. Падрабязнасці ведае муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш: «З ёй у сталыпінскім вагоне ехала жанчына-рэцыдывістка, якая ўжо тройчы была асуджаная, і апошні раз – за забойства. Да яе такіх мераў не ўжывалася. А Каця ехала як журналіст, як палітзняволеная – у кайданках. На шчасце, ужо больш у людскіх умовах другая частка этапу праходзіла, з Магілёва ў Гомель».

У калоніі Кацярына Андрэева носіць адзенне з жоўтаю біркай, як раней Кацярына Барысевіч. Гэткая форма сегрэгацыі сярод вязняў існуе як мінімум з 2019 года. Біркай пазначаюць спецкантынгент, які стаіць на прафілактычным уліку за «схільнасць да экстрэмізму».

«Раней, у 19 годзе, як я ведаю, такімі экстрэмістамі пазначалі там антыфашыстаў, футбольных фанатаў ці анархістаў, іх тады лічылі экстрэмістамі. Цяпер вось лічаць экстрэмістамі журналістаў. І яны ходзяць з гэтымі жоўтымі біркамі», – тлумачыць Ігар Ільяш.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў справаздачу аб а́рыштах і штрафах за травень. За ўдзел у акцыях пратэсту былі затрыманыя мінімум 332 беларусы. З іх 74 чалавекі аштрафаваныя на 261 тысячу 609 рублёў, што ўдвая больш, чым у красавіку. Агулам за травень паводле «палітычных артыкулаў» беларусы атрымалі 2144 дні арышту (амаль 6 гадоў). Як мінімум 30 справаў адправілі на дапрацоўванне або спынілі праз даўнасць правапарушэння.

Ірына Карніенка, «Белсат»