300 дзён пасля выбараў


Актывістка з Менску Ірына Цап паўтара месяца як жыве ў Вільні. Уцячы з краіны давялося, калі зразумела, што ў Беларусі – пагражае зняволенне.

«Яны пачалі званіць, шукаць на працы, і за пяць дзён мы сабралі рэчы, знайшлі абходныя шляхі, каб выехаць з Беларусі, бо праз локдаўн гэта праблематычна. І так, нам давялося збягаць – мне, маёй маці і нашым сябрам», – распавядае Ірына Цап.

Пераследаваць актывістку пачалі за ўдзел у мірных акцыях, якія працягваюцца ў нашай краіне з леташняга жніўня – часу прэзідэнцкіх выбараў. Людзі выйшлі на вуліцы, абураныя фальсіфікацыямі, а пазней – гвалтам сілавікоў у дачыненні мірных удзельнікаў акцыяў.

«Каб Лукашэнка сышоў, за сумленныя выбары, каб вызвалілі палітзняволеных, каб закон у Беларусі вярнуць, каб канстытуцыя была не проста нейкімі ўказамі Лукашэнкі, а каб канстытуцыя была нашым правам, якое мы маглі б заўсёды адстаяць, і нас сумленна судзілі», – тлумачыць Ірына Цап.

Палітолаг Андрэй Ягораў лічыць тое, што адбываецца пасля выбараў у нашай краіне, не пратэстамі, а хутчэй рэвалюцыйным працэсам, бо ўдзельнічае ў ім значная частка беларусаў.

«Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што гэта 5–7 адсоткаў ад усяго насельніцтва. Гэта вельмі шмат людзей, яны геаграфічна размеркаваныя па ўсёй краіне, яны закранаюць буйныя і малыя гарады, і мы бачым працяглы супраціў гэтай сістэме на працягу ўсіх трохсот дзён», – кажа Андрэй Ягораў.

На працягу ўсіх трохсот дзён улады спрабуюць заціснуць пратэставы рух – пасля зменаў у Адміністратыўны кодэкс больш жорсткім стала пакаранне за ўдзел у масавых мерапрыемствах, а спалучэнне белага і чырвонага колераў – фактычна забароненае. У краіне знішчаная незалежная прэса. У распачатых пасля выбараў крымінальных справах, паводле Генпракуратуры, ужо амаль тысяча фігурантаў, а 471 асобу праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Але галоўным вынікам працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, Андрэй Ягораў называе наступны.

«Беларусы прадэманстравалі, што яны, як і ўсе еўрапейскія нацыі, хочуць свабоды, могуць за яе змагацца і ахвяраваць. І зараз да Беларусі звернутая цалкам іншая ўвага міжнароднай супольнасці, мы бачым сусветную салідарнасць з усяго свабоднага свету з Беларуссю зараз», – падкрэслівае Андрэй Ягораў.

А ці адбыліся за гэтыя 300 дзён нейкія змены ў свядомасці людзей? Мы запыталіся жыхароў Гомля:

«Нібы асабліва нічога не памянялася. Першыя месяцы спрабавалі штосьці памяняць, але нічога не памянялася».

«Горш стала, што грамадства пакутуе, пакутуюць людзі, мае знаёмыя, я зараз буду плакаць».

«Усё змянілася: унутраны свет змяніўся, на іншыя краіны памяняўся погляд, усё памянялася, стаўленне. Паміж людзьмі еднасць з’явілася, людзі сталі лепшымі, дабрэйшымі»

«Мы палітыкай не цікавімся, дзякуй».

Ірына Цап кажа, што беларусам сёння быць па-за палітыкаю немагчыма:«Калі вы хочаце правоў, закону, сумленных выбараў і каб вас не пераследавалі фашысты, то за свабоду трэба змагацца. Гэта факт, і інакш не можа быць».

Дзяўчына спадзяецца, што неўзабаве сітуацыя ў краіне зменіцца, і можна будзе вярнуцца дадому, не баючыся за сваю свабоду.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»