«У справядлівы суд мы ўжо даўно не верым». Судовы пераслед 4 траўня


У Бабруйску закрылі дзве палітычныя крымінальныя справы, у завядзенні яшчэ адной – адмовілі. Спынілі пераслед Галіны Юшкоўскай, якую хацелі абвінаваціць у абразе двух мясцовых міліцыянтаў, і Уладзіміра Лазарава, якога падазравалі ў пагрозе гвалту ў дачыненні міліцыянта.

Адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы супраць лідара бабруйскай арганізацыі «Беларускага незалежнага прафсаюзу» Сяргея Гурло, якога вінавацілі ў абразе бабруйскага амапаўца. Іншым жа беларусам пашчасціла менш – яны на лаве падсудных.

На лаве падсудных у судзе Фрунзенскага раёну сталіцы – палітвязень Аляксандр Раентаў. Гэта яго з сястрой Наталляй сілавікі затрымліваюць на відэа. Мужчыну абвінавачваюць у двух крымінальных артыкулах: «супраціў міліцыянтам» і «арганізацыя ды падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Нібыта праз тэлеграм-канал «Палігон» Аляксандр вучыў, як парушаць грамадскі парадак і пазбягаць адказнасці. Справу разглядае суддзя Андрэй Млечка.

«Чалавек сядзеў у кафэ, размаўляў са сваёй жонкай. У чым ягоная віна?! Ён жа не дзесьці там быў, а сядзеў унізе ў кафэ… Я не ўяўляю, што яны яму хочуць прышыць!» – абураецца маці Аляксандра Любоў.

Таксама ў Менску, толькі ў судзе Маскоўскага раёну, працягваецца разгляд крымінальнай справы аб лазерных указках. Суддзя – Святлана Бандарэнка – тая, што пакарала журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч за артыкул пра «нуль праміле». На лаве падсудных валанцёры штабу Віктара Бабарыкі: Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька. Іх абвінавачваюць у «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў» і «навучанні асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках».

Нібыта ў жніўні фігуранты справы набылі слясарныя малаткі, лазерныя ўказкі, запальнічкі, піратэхнічныя вырабы ды перадалі іх іншым удзельнікам несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Паводле абвінавачаных, грошы на лазерныя ўказкі даў ім Юрый Васкрасенскі, які на судзе праходзіць сведкам.

«Прадказальна, Васкрасенскі не прыйшоў, хоць, на мой погляд, ён ёсць адным з самых важных сведкаў. І калі шчыра, мне не зразумела, чаму ён праходзіць у справе як сведка, а не як абвінавачаны. Калі чалавек даваў грошы на ўказкі, пры гэтым атрымаў іх у пэўнай колькасці, то ўзнікаюць пытанні. Пры гэтым мне не зразумела, чаму суд не спяшаецца яго апытваць», – кажа сябар абвінавачанага Уладзіслава Карэцкага Яўген.

«Усё ўскосна: лазерныя ўказкі, а чаму не шарыкавыя ручкі?! Калі б гэта не было так горка, гэта проста становіцца смешна», – дзеліцца бацька абвінавачанага Ігара Ярмолава Аляксксей Ярмолаў.

Зусім не да смеху было ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля, калі суддзя Аляксей Хлышчанкоў абвесціў вырак давераным асобам Святланы Ціханоўскай – роўна столькі, колькі і патрабаваў пракурор: Юрый Уласаў атрымаў 6,5 гадоў узмоцненага рэжыму, Таццяна Канеўская – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму.

Паводле следства, асуджаныя абмяркоўвалі «план арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомлі, а таксама захопу адміністрацыйных будынкаў і выканкамаў, прызначэнне замест кіраўнікоў і старшынь сваіх асобаў».

«Вельмі сімвалічнае месца месца размяшчэння – паміж цыркам і лялечным тэатрам, таму судом гэта назваць цяжка», – адзначае сын асуджанай Таццяны Канеўскай Аляксей.

«Беззаконне поўнае! Ніякага закону няма! У справядлівы суд мы ўжо даўно не верым», – абураецца бацька асуджанага Дзмітрыя Івашкова Мікалай.

У Менскім абласным судзе пракурор запатрабаваў 6 гадоў калоніі для актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша. Яго і яшчэ чацвярых актывістаў судзяць у справе тэлеграм-каналу «Армія з народам». Іх вінавацяць у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і рыхтаванні беспарадкаў. Сяргея Спарыша – яшчэ і ў тым, што ён перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркаму.

Каця Малей, «Белсат».