NATO адзначае юбілей на фоне новых пагрозаў


Спецыяльнае паседжанне савету Украіна-NATO адбылося сёння Бруселі ў штаб-кватэры паўночнаатлантычнага альянсу. Па яго выніках прынятае рашэнне аб выдзяленні краінамі-сябрамі NATO вайсковай дапамогі Украіне на суму ў сто мільярдаў долараў цягам бліжэйшых пяці гадоў. Сімвалічна, што сустрэча прайшла ў святочны для альянсу дзень: роўна 75 гадоў таму, лідарамі дванаццаці краінаў было падпісанае пагадненне аб стварэнні NATO. З якімі выклікамі і цяжкасцямі паўночнаатлантычны альянс сустракае свой юбілей?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напад на аднаго – гэта напад на ўсіх» – галоўны прынцып функцыянавання вайскова-палітычнага блоку NATO, што сёння адзначае 75-ю гадавіну заснавання.

«Менавіта на гэтым падмурку мы і стварылі самы магутны і паспяховы Альянс у сусветнай гісторыі. За 75 гадоў існавання NATO нам удалося сярод іншага адчыніць дзверы для распаўсюду дэмакратыі і эканамічнага росквіту ва ўсёй Еўропе. Але спыняцца на дасягненнях нельга, бо цяпер у Еўропе ідзе вайна, маштабы якой, як нам падавалася зусім нядаўна, ужо засталіся ў гісторыі», – кажа генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнберг.

Арганізацыя паўстала 4 красавіка 1949 года як супольны адказ краінаў Захаду на трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны і магчымую агрэсію з боку СССР на іншыя краіны антыгітлераўскай кааліцыі. Першапачатковы склад NATO налічваў 12 краінаў. Гады гэтак званай Халоднай вайны прайшлі пад знакам супрацьстаяння NATO і краінаў Варшаўскай дамовы.

Аднак і пасля распаду апошняга Паўночнаатлантычны альянс не толькі не спыніў існавання, а нават прыняў у свае шэрагі былыя краіны сацыялістычнага лагеру. Агулам у выніку 10 раўндаў пашырэння склад NATO павялічыўся да 32 краінаў. Войскі чальцоў альянсу налічваюць каля 3,5 мільёнаў чалавек.

«Можна было чакаць развалу NATO, як і раней – Варшаўскай дамовы. Але мы бачым, што блок застаецца ключавым гульцом на сусветнай арэне і без яго немагчыма ўявіць бяспеку не толькі 32 членаў, але ўсю сусветную калектыўную бяспеку», – кажа амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Расейская анексія Крыму і канфлікт на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе сталі новымі выклікамі для NATO. Як адказ на захопніцкую палітыку Уладзіміра Пуціна саміт NATO у Варшаве ў ліпені 2016 года прызнаў Расею асноўнаю пагрозай бяспецы альянсу.

«Фундаментальны выклік, звязаны і навязаны расейскай агрэсіўнай палітыкай, палітыкай рэжыму Пуціна, ён у нечым нагадвае часы савецкага саюзу, але можа нават у нечым страшнейшы, бо ўзровень ірацыяналізму цяпер значна вышэйшы», – кажа былы кіраўнік інфармацыйнага бюро NATO у Расеі Робэрт Пшчэль.

Поўнамаштабнае расейскае ўварванне ва Украіну 2 гады таму перавяло расейскую пагрозу на новы ўзровень. Вайна наблізілася да межаў альянсу. На фоне расейскай агрэсіі да NATO далучыліся Фінляндыя і Швецыя, а дапамога Украіне ўзбраеннем і тэхналогіямі стала галоўным прыярытэтам краінаў-удзельніц. Праўда, з аператыўнасцю і колькасцю гэтай дапамогі на 3 год вайны працягваюць узнікаць пытанні:

«99 адсоткаў ваеннага падтрымання Украіне паступае ад саюзнікаў з NATO, але мы павінныя гарантаваць, што гэта будзе прадказальна, гэта справядлівае размеркаванне цяжару, і што яно будзе доўгім. І таму шукаем яшчэ больш моцныя спосабы арганізацыі падтрымання. А таксама трэба абмеркаваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязацельствы, абавязкі саюзнікаў у NATO», – кажа Енс Стольтэнберг.

«Я не хачу псаваць вечарыну, дзень нараджэння, але маім галоўным пасланнем сёння будуць “Пэтрыят”, бо выратаванне жыццяў украінцаў, выратаванне ўкраінскай эканомікі, выратаванне ўкраінскіх гарадоў залежыць ад наяўнасці “Пэтрыят” і іншых сістэмаў СПА», – дадае ўкраінскі міністр замежных справаў Дмытро Кулэба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Краіны NATO.
Фота: nato.int

Расея і залежны ад Крамля рэжым Лукашэнкі ў Беларусі не заўсёды разглядалі NATO у якасці апанентаў ва ўзброеным канфлікце. У сярэдзіне 1990-х абедзве краіны былі ўдзельнікамі праграмы супрацы з NATO «Партнёрства дзеля міру», а Уладзімір Пуцін нават распавёў у адным са сваіх інтэрв’ю, што атрымліваў прапанову аб далучэнні Расеі да альянсу. Праўда, гэта не замінала і не замінае двум дыктатарам пужаць насельніцтва міфічнымі «гусеніцамі NATO на заходніх межах».

«Пераконваць грамадзянаў Беларусі і Расеі, што ёсць нейкі вораг і трэба абʼяднацца вакол лідара(ну ці вакол шпіца Умкі), то гэтае самае простае. Паказаць, што ёсць вораг і быццам даказаць, што немагчыма змяніць лідара, нельга нават думаць, што можна правесці справядлівыя выбары і праводзіць нейкую палітыку акрамя дыктатарскага курсу Менску і Масквы», – кажа амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

І пакуль краіны NATO шукаюць дадатковыя магчымасці дапамогі Украіне ў змаганні з расейскай агрэсіяй, Крэмль вуснамі Лукашэнкі ўжо ўсурʼёз разважае аб магчымым удары па чальцах альянсу – Польшчы і Літве.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»