У Беларусі з'явілася новая канцэпцыя нацыянальнай бяспекі


У Беларусі апублікавалі тэкст новай канцэпцыі нацыянальнае бяспекі. У гэтым дакуменце ўлады прапісалі галоўныя, на іх думку, замежныя і ўнутраныя пагрозы для рэжыму. І сёння стала вядома, што Савет бяспекі гэтую канцэпцыю ўхваліў. Дакумент даволі аб’ёмны, але ў агульных рысах змест такі: у свеце неспакойна, у Беларусі ўсё нібыта добра, але ёсць замежныя і ўнутраныя пагрозы, якім трэба супрацьстаяць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стабільнасці ў свеце няма, ідзе перадзел сфераў уплыву і змаганне за розумы, вайсковая экспансія магчымая нават у космасе. І гэта толькі частка глабальных пагрозаў, паводле свежаапублікаванай канцэпцыі нацыянальнае бяспекі. Затое сітуацыя ўнутры краіны апісваецца пераважна аптымістычна. Рэжым такім чынам стварае сваю карціну рэчаіснасці, адзначае аналітык Павел Мацукевіч з Цэнтру новых ідэяў.

«Выдумалі, напісалі, прачыталі ці паглядзелі па БТ і потым самі ў гэта паверылі», – кажа Павел Мацукевіч.

Аўтары дакументу прапануюць пазітыўнае бачанне сітуацыі ў Беларусі.

«Узровень і якасць жыцця людзей паводле шмат якіх паказнікаў адпавядаюць эканамічна развітым краінам. Забяспечваецца дадатнае сальда вонкавай міграцыі. Беларуская грамадска-палітычная мадэль, заснаваная на прынцыпах народаўладдзя, – вяршэнства нормаў права», – адзначаецца ў канцэпцыі.

Скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы і масавы выезд беларусаў за мяжу, які, паводле розных ацэнак, складае дзясяткі ці нават сотні тысячаў, чамусьці ігнаруецца. Заява пра вяршэнства права гучыць на фоне навінаў пра палітычныя затрыманні, калі сілавікі выводзілі людзей босымі на снег.

«Яны кажуць пра традыцыі народаўладдзя. Але ў чым яны рэальна выражаюцца? У тым, што меркаванне народу ніхто не жадае чуць. Прынамсі, калі гэтае меркаванне не супадае з меркаваннямі і інтарэсамі ўлады», – адзначае Павел Мацукевіч.

У развагах пра сітуацыю з бяспекаю ў свеце аўтары канцэпцыі нібыта крытыкуюць варожыя краіны. Але шэраг пунктаў выглядае, як каменьчыкі ў агарод Расеі. Або ў свой уласны.

«Усё часцей удзельнікамі такога супрацьборства робяцца няўрадавыя суб’екты, у тым ліку прыватныя вайсковыя кампаніі і незаконныя ўзброеныя фармаванні», – пішуць аўтары канцэпцыі.

Аднак пад гэтыя азначэнні трапляюць і ПВК Вагнэра, і ўзброеныя фармаванні так званых ДНР і ЛНР.

«Расце колькасць дзяржаваў, якія жадаюць зрабіцца ўладальнікамі ядравай зброі або размяшчаць яе на сваёй тэрыторыі, перш за ўсё – у Еўропе», – заклапочана адзначаюць аўтары дакументу.

Але лукашэнкаўскія ўлады самі хочуць размясціць на тэрыторыі краіны расейскую ядравую зброю. Міністр абароны Расеі Шайгу сёння заявіў, што штурмавая авіяцыя Беларусі ўжо можа яе несці. А вайскоўцы Беларусі вучацца карыстацца ракетнымі комплексамі «Іскандэр».

Да замежных пагрозаў рэжым аднёс не толькі вайсковую актыўнасць, але і, напрыклад, санкцыі. Адзначаецца небяспека крызісу ў эканоміцы, старэння насельніцтва, нагнятання напружанасці і «распаўсюду ў беларускім грамадстве ідэяў грамадзянскага супрацьстаяння, што вядуць да ўзброенага бунту». Пра ўнутраны супраціў сёння згадаў і Лукашэнка падчас размовы з кіраўніком расейскае выведкі Нарышкіным. Падобна, так ён апраўдваўся за дыверсію ў Мачулішчах. А кіраўнік КДБ Церцель, у кампаніі якога прыбыў да Лукашэнкі Нарышкін, распавёў пра затрыманне агентуры з грамадзянаў Украіны, Польшчы і краінаў Балтыі.

«Мы вось, маўляў, нечым займаемся. Вядзём нейкую вельмі важную аператыўную працу. Але з таго, што мы бачым, якасць гэтай працы вельмі кепская. Гэта нейкі стыхійны хапун людзей, каб паказаць і Пуціну, і Лукашэнку, і самім сабе, нібыта мы штосьці робім», – каментуе заявы сілавікоў журналіст «Белсату», аналітык «Belarus Security Blog» Зміцер Міцкевіч.

На думку Змітра Міцкевіча, выкрыць сеткі рэальных удзельнікаў руху супраціву лукашэнкаўскія спецслужбы не здольныя. Але рэжым, падобна, асцерагаецца так званай дэстабілізацыі абставінаў у краіне. І прапісаў у канцэпцыі спосабы барацьбы з унутранымі пагрозамі. Ад ідэалагічнага выхавання насельніцтва да барацьбы з экстрэмізмам.

«Грамадства мусіць зразумець, што ўлада настроеная вельмі сурʼёзна і што, калі нешта на тэрыторыі Беларусі будзе адбывацца, то і дзейнічаць улады будуць вельмі жорстка. І тыя, хто яшчэ на нешта спадзяваўся, мусяць паводзіцца ціха і, як любіць казаць Лукашэнка, не высоўвацца», – тлумачыць пазіцыю ўладаў палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Канцэпцыю пакуль ухваліў Савет бяспекі. Але канчаткова зацвердзіць гэты дакумент мае так званы Усебеларускі народны сход.

Валянцін Васіленка, «Белсат»