Ці будзе адхіленая зборная Беларусі ад адборачнага турніру на чэмпіянат Еўропы?


Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў дагэтуль не агучыў рашэнне адносна адхілення зборнай Беларусі ад адборачнага турніру на чэмпіянат Еўропы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Праз нейкі час да гэтага пытання вернуцца. Можна было б шкадаваць, што гэтае рашэнне не было прынятае два гады таму, калі яно мела нейкі сэнс. Цяпер жа гэты бан не мае эмацыйнага ды іншага значэння», – разважае кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

У сярэдзіне сакавіка стала вядома пра ліст да Александэра Чэфэрына. У лісце больш чым сто еўрадэпутатаў заклікалі кіраўніка УЕФА адхіліць зборную Беларусі ад адборачнага турніру на 2024. Прычына – парушэнне правоў чалавека ў Беларусі ды хаўрусніцтва рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

«Заява еўрапейскіх парламентарыяў проста паказвае, што спорт заўсёды з’яўляецца адлюстраваннем той палітыкі, якую вядзе тая ці іншая дзяржава, – кажа футбольны трэнер Алег Дулуб. – Таму, з улікам той сітуацыі, якая склалася ў вайне з Украінай, дзе Беларусь прызнаная суагрэсарам, гэта напэўна цалкам лагічная заява».

Беларускі футбол надзвычай доўга застаецца выключэннем з правілаў. Клубы і зборная працягваюць гуляць на міжнародным узроўні, хай сабе і ў нейтральным статусе ды на нейтральным полі.

У хакеі, баскетболе, гандболе ды валейболе айчынныя спартоўцы такой магчымасці не маюць амаль з самага пачатку вайны. Як і прадстаўнікі многіх іншых відаў спорту.

Між тым, казаць пра нейкае лагоднае стаўленне рэжыму Лукашэнкі да футбалістаў не выпадае. Існуе гэтак званы чорны спіс, для людзей з яго фактычна накладзеная забарона на прафесію. Асобы з гэтага спісу зняліся ў 2020 годзе ў відэа з заклікам спыніць ґвалт сілавікоў.

Да таго ж, футбалісты трапляюць і пад арышты. Зусім нядаўні прыклад: у канцы сакавіка падчас трэнавання затрымалі Цімафея Лукашэвіча, гульца клубу «Макслайн».

«Тое, што затрымалі хлопца падчас трэнавання, гэтаму няма канца. Пакуль не зменіцца палітычная сістэма, палітычны рэжым, маштаб рэпрэсій будзе павялічвацца ва ўсіх сферах. Спорт – не выключэнне», – разважае Міхаіл Залеўскі.

На думку Алега Дулуба, ад магчымага бану моцна пацярпіць футбольная інфраструктура, бо УЕФА і ФІФА даюць грошы на яе развіццё. Да таго ж, знізіцца і без таго не надта высокі ўзровень футбалістаў.

«Гэта будзе мець вельмі негатыўныя наступствы, перш за ўсё – для развіцця футбола ў цэлым, – кажа Дулуб. – Цябе прыбіраюць з УЕФА, цяпер ты зможаш гуляць толькі ў чэмпіянаце. Умоўная Смаргонь супраць умоўнага Мазыра. Росту гульцоў тут не будзе, таму што ёсць жалезнае правіла: каб быць ільвом, трэба спаборнічаць са львамі».

А вось Міхаіл Залеўскі не бачыць трагедыі ў магчымым адхіленні зборнай Беларусі ад адбору на Еўра. Ён увогуле заклікае не называць каманду пад кіраўніцтвам Кандрацьева нацыянальнай зборнай:

«Нацыянальная зборная прадугледжвае падтрымку грамадства і заўзятараў, якія незалежна ад вынікаў гэтай каманды застаюцца побач з ёю, перажываюць, падтрымліваюць. А гэтая каманда – не такая. Яна не фармуецца па спартовым прынцыпе як каманда наймацнейшых футбалістаў, яна фармуецца па ідэалагічных спісах».

У адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы зборная Беларусі паспела згуляць два матчы, у якіх пацярпела паразы: 0-5 – ад Швейцарыі ды 1-2 – ад Румыніі. Агулам зборная не перамагае ўжо ў пятнаццаці афіцыйных гульнях запар.

Ян Федаровіч, «Белсат»