Беларускай лацінкі на шыльдах больш не будзе


Гэтыя шыльды знімуць, а замест іх прыкруцяць іншыя, са звычайнаю лацінкаю. Пастанова Дзяржаўнага камітэту маёмасці скасавала беларускую лацінку для геаграфічных назваў. Да таго ж, транслітараваць з сённяшняга дня будуць і назвы па-расейску, а не толькі беларускія, як было раней.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тут яны ўбачылі ў гэтай лацінцы, яна іх страшна раздражняла, бо яна была ўжо выразна мясцовая, беларуская, свая, а значыць, у падтрымку беларускай нацыянальнай асобнасці, беларускай еўрапейскасці», – лічыць перакладчык, лінгвіст і журналіст Сяргей Шупа.

Папярэднія правілы транслітарацыі існавалі з 2000 года. Падмяніць іх уладам прапанавалі прарасейскія актывісткі Юлія Дударэнка і Вольга Бондарава. Апошняя ўжо выступала за знос помніку Ларысе Геніюш у Зэльве. Праз Бондараву зняволілі некалькі асобаў. Агулам яна выступае супраць беларускай мовы і культуры.

«Раздражняе беларуская мова. І раздражняе яна ў публічнай прасторы. Шыльды – гэта акурат тое, што ёсць публічнай прасторай. Гэта як сведчанне іншай ідэнтычнасці. Бо расейскія прапагандысты і беларускія прапагандысты, якія сёння расейскі наратыў падтрымліваюць у Беларусі, разумеюць Беларусь як частку расейскага свету. І, такім чынам, адмаўляюць усю іншую ідэнтычнасць», – тлумачыць старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Беларуская лацінка выкарыстоўвалася яшчэ ў трынаццатым стагоддзі, калі ў многіх дакументах канцылярыі вялікага князя літоўскага і караля Міндоўга геаграфічныя назвы пісаліся менавіта ёю. А ў дзевятнаццатым стагоддзі, у час паўстанняў, а разам з тым – адраджэння беларускага пісьменства, нашая лацінка развівалася асабліва актыўна.

«На нейкім этапе прыйшла ў Беларусь лацінка, ужо на этапе ўтварэння новай беларускай мовы. Калі беларуская мова раптам пачала, пасля стагоддзяў існавання толькі пад сялянскай страхой, вяртацца ў шырэйшы свет і вяртацца з лацінкі», – распавядае Сяргей Шупа.

Шырока выкарыстоўвалася беларуская лацінка і ў творах нашых пісьменнікаў. Ёю пісалі, сярод іншых, Вінцэнт ДунінМарцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот. Газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва» друкаваліся ў дваццатым стагоддзі таксама лацінкаю.

«Гэта тое, што стала асноваю для беларускай нацыі, для таго нацыянальнага праекту, які сёння для нас ёсць падмуркавым. Гэта пра нашае значэнне. То бок лацінка фактычна зафіксавала, і ў лацінцы ўвасобілася ўсё тое, што дало нам сёння магчымасць існаваць як нацыі», – адзначае Таццяна Нядбай.

Сёння ж беларуская лацінка ўсё адно застаецца з намі. Напрыклад, да яе вярнулася сучасная «Наша ніва». А нашыя гледачы могуць абраць яе на сваіх смартфонах, калі ўсталююць праграму AnySoftKeyboard.

Яна Шэк, «Белсат»