«Польшча, Латвія, Літва і Эстонія ў бліжэйшыя 48-72 гадзіны пачнуць працэс поўнага ізалявання ад Расеі»


Украінскі бок заявіў аб закрыцці Польшчаю, Літвою, Латвіяй і Эстоніяй сваіх межаў для грузавога транспарту, які ідзе ў Беларусь і Расею. У гэтых краінах інфармацыю пакуль не пацвердзілі. Аднак пэўныя крокі сёння пачала рабіць Польшча – дасканала правярае змест фураў, якія вязуць тавары ў Расею праз Беларусь. Наколькі імавернае поўнае спыненне аўтазносінаў і якая можа быць цана?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Газ ёсць, бульба ёсць, халадзільнік увесь запоўнены», – паказвае гаспадарку ўнутры свайго грузавіка дальнабойнік з Беларусі…

З пустой лядоўняю праз польска-беларускую мяжу – дальнабойнікі цяпер не ездзяць. Чэргі грузавікоў ля памежных пераходаў растуць. Польскія памежнікі з сёння ўзмоцнена правяраюць фуры, каб не везлі тавараў падвойнага прызначэння, якія Расея можа выкарыстоўваць у вядзенні вайны.

«Учора я прыехаў у першай палове дня стаў у чаргу (42 км была чарга) ад Грабаўкі, то бок ад Беластоку», – кажа кіроўца.

Каля 80 гадзінаў можа спатрэбіцца на дэталёвы дагляд аднаго ладунку. Салідарная з Украінаю Польшча прыкрывае шлях для транзіту ў Расею праз Беларусь. Але тавары свабодна плывуць у Пецярбург з Растоку і Гамбургу, адзначае мінабароны Польшчы.Перадусім Варшава і Вільня ў Еўразвязе дамагаюцца закрыцця мяжы ЕЗ для беларускіх і расейскіх грузаў.

Намеснік міністра інфраструктуры Украіны Мустафа Наем заявіў:

«Польшча, Латвія, Літва і Эстонія ў бліжэйшыя 48-72 гадзіны пачнуць працэс поўнага ізалявання ад Расеі. На мінулым тыдні мы афіцыйна звярталіся да нашых калегаў з просьбаю спыніць любое аўтамабільнае паведамленне з Расеяй і Беларуссю. Дзякуй усім міністрам транспарту пералічаных краінаў. Рэакцыя імгненная. Чакаем канчатковага выніку».

У станоўчым выпадку ўсе транспартныя перавозкі стануць немагчымымі. І без гэтага рашэння Сусветны банк прагназаваў, што ВУП Расеі можа прасесці на прынамсі 10 %.

«Я думаю, што яно будзе значна глыбейшым. А для Беларусі падзенне, значыць, будзе 15-20 % ВУП. Бо не будзе сэнсу столькі завозіць і перарабляць нафтапрадуктаў. Не ведаем мы і куды прадаваць і дастаўляць калійныя ўгнаенні. Што будзе з нашай вытворчасцю машынаў? Так што тут столькі чорных лебедзяў, што неба ўжо чорнае», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Калі Польшча і краіны Балтыі пойдуць на спыненне плыні тавараў у Расею, то рэшта Еўразвязу можа не наважыцца, бо на коне таксама гандлёвыя сувязі з краінамі сярэдняй Азіі і Кітаем у прыватнасці – кажа эксперт.

«Ёсць канешне прыхільнікі, але ёсць і тыя, хто не жадае несці эканамічныя страты. Калі канцлеру Нямеччыны пачынаюць крычаць, каб ён сыходзіў, відавочна, што ён не можа гэтага не ўлічваць. Існуе пэўная напружанасць у Еўропе. Таму імавернасць ёсць, але гарантыяў няма, што будзе прынятае адпаведнае рашэнне па транспартнай ізаляцыі Расеі і Беларусі», – каментуе старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных доследаў Літвы Вадзім Валавой.

Паралельна адкрытая дыскусія аб адмове краінаў Захаду ад расейскіх энерганосьбітаў. Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук называе скандальным, што сёлета Крэмль можа зарабіць на гэтых рэсурсах звыш 230 млрд долараў – на траціну больш, чымся летась. І заклікае краіны Еўразвязу да рашучасці.

«Яны зрабілі хібы ў будаванні энергетычнай палітыкі. Каб Мэркель, Шрэдар, потым Бэрлюсконі, прэм’ер-міністры Францыі зусім інакш ставіліся да пагрозы Расеі і зрабілі рэальныя захады ў забеспячэнні эканамічнай энергетычнай незалежнасці, сітуацыя, магчыма б да вайны не дайшла», – лічыць Яраслаў Раманчук.

Старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных доследаў Літвы лічыць, што стратэгія санкцыяў не спрацуе ў выпадку Крамля.

«Ускладаць надзеі на тое, што эканамічны ціск неяк на іх паўплывае – гэта не працуе. Такое рашэнне па ўсім відаць было прынятае. Ці яны цалкам правальваюцца, што стане крахам Расейскай Федэрацыі, ці яны дасягнуць сваіх мэтаў, як яны сабе гэта ўяўляюць», – гэтак бачыць Крамлёўскую парадыгму Вадзім Валавой.

Паводле крыніцы «Financial Times», амбасадары краінаў Еўразвязу 6 красавіка абмяркуюць пакет новых санкцыяў супраць Расеі. Сярод прапановаў ад часткі паслоў паслоў – эмбарга на расейскія энерганосьбіты.

Юлія Цяльпук, «Белсат»