IT у Беларусі: пацыент хутчэй жывы ці мёртвы?


З Беларусі масава з’язджаюць айцішнікі. Цэлая галіна, якая гадамі была адным з асноўных складнікаў ВУП Беларусі (так, у 2019 годзе на піку свайго развіцця доля IT у ВУП краіны склала 6,5%) з 2020-га тае на вачах з-за рэпрэсій і спробаў дзяржавы яе рэгуляваць. Пасля нападу Расеі на Украіну і ролі ў гэтым Беларусі тэндэнцыя да рэлакацыі сярод айчыннага ІТ-сектару толькі паскорылася. З’язджае столькі людзей, што Лукашэнка нарэшце быў вымушаны на гэта публічна рэагаваць:

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З’язджае столькі людзей, што Лукашэнка нарэшце быў вымушаны на гэта публічна рэагаваць:

«Я хачу, каб гэтую тэму закранулі і праінфармавалі, што там у гэтым парку адбываецца, наколькі тэндэнцыя адтоку кадраў, вось такі ўжо там адток, што заўтра загіне Беларусь без айцішнікаў. У бліжэйшы час нам трэба прысвяціць нейкі дзень, каб разам правесці нараду з айцішнікамі».

Але чаго можна чакаць ад падобных нарадаў? Нядаўна адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў падрыхтавала антыкрызісны праект захадаў падтрымання ІТ-кампаніяў. Сярод прапановаў згадвалася вяртанне падаходнага падатку да 9%, які пасля пратэстаў 2020 года павысілі да 13%. Таксама былі пункты аб адтэрміноўцы ад вайсковага прызыву работнікаў, дазвол наймацца ў іншых краінах, выкарыстанне крыптавалютаў і гэтак далей.

Эканаміст Аляксей Харкевіч думае, што апранаць ружовыя акуляры і думаць, што мы цяпер як і раней працягнем развіваць ПВТ, што ён сам будзе развівацца і прыносіць даходы ў бюджэт дзяржавы, напэўна, бесперспектыўна. У першую чаргу паводле яго будзе вырашацца пытанне, як бы павялічыць бюджэтныя паступленні ад ПВТ пры тым, каб гэтая курыца працягнула несці залатыя яйкі каб яе не зарэзаць.

Вядома, што юрыдычныя аспекты працы ПВТ рэгулююцца ўніверсальным Брытанскім правам. Лукашэнка ж, анансуючы нараду, сказаў, што трэба стварыць роўныя ўмовы для ўсіх. Ці не сведчыць гэта аб планах дзяржавы ўмешвацца ў выбудаваны ланцужок узаемадзеяння паміж замоўнікам айці-паслугаў і выканаўцам?

Аляксей Харкевіч кажа:

«Многія IT-кампаніі – рэзідэнты ПВТ, па сутнасці міжнародныя, маюць падраздзяленні ў іншых краінах. І дзеля беларускага падраздзялення перавучваць юрыстаў, перавучваць персанал ніхто не будзе. Гэта горшае, што можна прыдумаць, каб адмяніць дзейную сістэму. Гэта нават не стаўкі падаткаў, гэта проста перакрэсліванне ўсяго таго, што было напрацавана за многія гады».

Польшча, Літва, Грузія – краіны, куды ў першую чаргу цяпер едуць высакакласныя, прызнаныя ва ўсім свеце беларускія праграмісты і IT-менеджары. Паводле інфармацыі літоўскага Міністэрства эканомікі і інавацый, якое выдае ліст пасярэдніцтва для IT-кампаніяў, са жніўня 2020 года 50 былых беларускіх IT-кампаніяў было зарэгістравана ў Літве. Аляксандр Куўшынаў, IT-рэлакант з Беларусі ў Літве, распавядае:

«Парк высокіх тэхналогій, як установа, безумоўна знаходзіцца на баку бізнесу і яны спрабуюць зрабіць спрыяльныя ўмовы для беларускага ІТ-бізнеса. Але самая сітуацыя, якая склалася ў Беларусі не дае гэтай установе быць самастойнай, вырашаць і прытрымлівацца тых умоваў, якія былі раней створаныя».

Сёння ж стала вядома, што культавая міжнародная айці-кампанія з беларускімі каранямі «Wargaming» не будзе валодаць і кіраваць бізнесам у Расеі і Беларусі. Распрацоўнік «World of tanks» ужо пачаў працэс закрыцця сваёй студыі ў Менску. У заяве кампаніі адзначаецца, што «Wargaming» чакаюць толькі страты ад такога рашэння. Гусеніца збітая, рух немагчымы.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»