Прадаецца сядзіба. Амаль бясплатна


37 рублёў. Менавіта за такую суму, роўную адной базавай, выстаўленая на аўкцыён панская сядзіба ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Летась пабудову, якой больш за сто гадоў, спрабавалі прадаць за 159 тысяч рублёў. У звязку з гэтым паказальны прыклад палацу Радзівілаў у Дзятлаве, які таксама прапанавалі за базавую: мінімальны кошт адразу зацікавіў інвестара з Расеі, якому цяпер належыць аб’ект.

«Не ўсё залежыць толькі ад цаны, але перадусім ад кошту рамонту, аднаўлення і абсталявання такога будынку. Гэты будынак даўно ў такім стане, што яго цяжка назваць палацам. Мяркую, той, хто яго набудзе, мусіць улічыць, што ў яго трэба ўкласці мільёны, каб давесці да нейкага ладу», – адзначыў прадстаўнік роду Радзівілаў, прадпрымальнік Мацей Радзівіл.

Больш за тое, рамонтна-рэстаўрацыйныя працы трэба правесці за акрэслены тэрмін, прапісаны ў дамове аб куплі-продажы. Гэта прадугледжана ўказам Лукашэнкі № 169 і застаецца адною з умоваў, каб набыць праз аўкцыён будынак за адну базавую. Гэта вельмі складана для інвестара, – кажа на ўмовах ананімнасці наш эксперт:

«Будынкі старыя, раскамплектаваныя, няма ніякай дакументацыі на іх, трэба рабіць працяглыя і дарагія даследаванні, потым распрацоўваць праект. І, часцей за ўсё, ён будзе вялікі і складаны, бо ні ацяплення, ні электрычнасці, ні каналізацыі ў такіх будынках, як правіла, няма. Праект трэба правесці праз дзяржэкспертызу і паспець рэалізаваць. За 2-3 гады – гэта маларэальна. А калі гэта – гісторыка-культурная каштоўнасць, – яшчэ і Мінкульт падлучаецца».

Калі ж уласнік не выконвае ўмоваў, дзяржава можа вярнуць гістарычную маёмасць сабе. Але бывае, што і самыя пакупнікі вяртаюць набытыя абʼекты. Гэтак, мянчанка купіла ў Слоніме найстарэйшую сінагогу Беларусі аж за 30 тысяч рублёў. Аднак неўзабаве пастанавіла вярнуць яе мясцовым уладам, палічыўшы, што не дасць рады з абʼёмам працаў.

«Усё залежыць ад стану будынку, які мы маем бюджэт і дакладныя матэрыялы. Калі гэта – стан руін, і ў нас няма ні фотаздымкаў, ні чарцяжоў з планіроўкамі, а тым больш сродкаў на аднаўленне, лепей за ўсё зрабіць кансервацыю руінаў. Калі мы пачнем перабудоўваць з галавы, знішчым гісторыка-культурную каштоўнасць», – патлумачыў архітэктар Васіль.

Прыкладаў няўдалай рэстаўрацыі ў Беларусі нямала, адзначыў наш эксперт. І не мае розніцы, займалася аднаўленнем прыватная асоба ці дзяржава. Адным з такіх прыкладаў Васіль назваў Ружанскі палац.

«Замоўцы заўсёды зацікаўлены ў тым, каб зрабіць хутчэй і страціць як мага менш грошай. Таму заўсёды ёсць намер змяніць праект. Напрыклад, зрабіць перапланіроўку будынку, замяніць матэрыялы больш таннейшымі. Але ў рэстаўрацыі гэта немажліва», – дадаў адмыслоўца.

Агулам сітуацыя з палацамі ды іншымі пабудовамі, звязанымі са шляхецкаю прысутнасцю на беларускіх землях, складаецца трагічная, мяркуе адмысловец Інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі:

«Шмат палацаў, якія не маюць сваіх уласнікаў, паколькі ў Беларусі ніякім чынам не была праведзеная рэстытуцыя. Таму што гэта рэчы, якія былі нацыяналізаваныя. Фактычна з парушэннем законаў. Былі перададзеныя ў дзяржаўную ўласнасць, і потым яны апынуліся нікому не патрэбныя».

Калі не аднавіць, варта хаця б захаваць гістарычныя пабудовы ў Беларусі, лічыць Мацей Радзівіл.

«Гэта таксама мае значэнне для турызму, які, спадзяюся, ізноў адкрыецца для палякаў, літоўцаў, украінцаў, каб яны маглі свабодна наведваць Беларусь, глядзець на яе прыроду, культуру, якая блізкая гэтым чатыром народам», – падкрэслівае нашчадак роду Радзівілаў.

Менавіта жаданне выратаваць беларускую спадчыну кіруе тымі, хто набывае гістарычныя будынкі, калі дзяржава ад іх адмовілася, адзначаюць бізнесоўцы. Бо пачаць зарабляць на гэтым у сучаснай Беларусі фактычна немагчыма.

Ірына Юрʼева, «Белсат»