«Ён трапіў пад гэты каток». Хроніка палітычнага пераследу 4 сакавіка


У Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма, а права на справядлівы суд не выконваецца. Да такой высновы прыйшла праваабарончая арганізацыя Freedom House у штогадовуй справаздачы «Свабода ў свеце – 2021».

Два гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову запатрабаваў сёння пракурор для валанцёра штабу Віктара Бабарыкі Антона Бяленскага. Антона затрымалі 10 жніўня і абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Віну Антон прызнаў часткова, ад апошняга слова адмовіўся. Заўтра абвесцяць прысуд.

«Так, ён там быў, але там былі тысячы беларусаў, і тое, што ён трапіў, я лічу, гэта выключна з-за таго, што ён быў у Віктара Дзмітрыевіча ў штабе», – лічыць Марыя Грышчанка – дзяўчына Антона Бяленскага.

Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч сёння хваліўся сотнямі крымінальных справаў, звязанымі з пратэстамі. Ажно 650 справаў скіраваныя ў суды, 500 з іх ужо разгледжаныя. Між тым ніводнай справы за гвалт і катаванні з боку сілавікоў па сённяшні дзень не заведзена.

«Са жніўня, з поствыбарчага перыяду, падраздзяленнямі камітэту заведзена 2407 крымінальных справаў экстрэмісцкай скіраванасці. Сюды ўключана ўсё: ад нанясення на сцены абразлівых надпісаў да гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў праваахоўных органаў», – адзначыў Іван Наскевіч.

Працягваецца і адміністратыўны пераслед грамадзянаў. Сёння яшчэ траіх беларусаў, якія 27 лютага святкавалі канчатак зімы пад Маладзечнам, пакаралі зняволеннем на 15 содняў. У той дзень сілавікі затрымалі агулам 25 чалавек нібыта за тое, што збіраліся спаліць пудзіла ў колерах дзяржаўнай сімволікі. Такім чынам, сама меней 9 чалавек пакараныя арыштам, іншыя атрымалі вялікія штрафы.

А РУУС у Ждановічах раніцай затрымаў жыхара жылога комплексу «Пірс» Іллю Квачэнку. Раней ён адмовіўся здымаць нацыянальны сцяг з балкона. Напярэдадні ў мужчыны з-за гэтага канфіскавалі аўтамабіль. «Ён і шмат хто трапіў пад гэты каток здымання сцягоў, незразумелых справаў за вывешаныя сцягі і смешных гісторыяў пра адзінкавыя пікеты. Я мяркую, што ў яго будзе менавіта такая гісторыя», – падкрэсліў сусед Васіль. Суд над Квачэнкам мае адбыцца заўтра.

Ігар Станкевіч, «Белсат»