БМЗ не дадуць прызнаць банкрутам


Беларускі металургічны завод, якому пагражала банкруцтва, падобна, быў уратаваны Міністэрствам фінансаў. Але так не можа працягвацца ўвесь час.

Па схеме Мінфін выпусціў аблігацыі, прадаў іх банкам, атрыманыя сродкі аддаў заводу, а той – банкам, каб разлічыцца за ўзятыя крэдыты. Пры гэтым прыбыткі ні прадпрыемства, ні банкаў, ні дзяржавы не павялічыліся.

Жлобінскі металургічны завод, дзе працуюць адзінаццаць тысяч асобаў, перажывае не найлепшы час. Паводле выдання «Наша ніва», для ўратавання вытворчасці Міністэрства фінансаў прадало банкам валютных аблігацыяў ажно на 619 мільёнаў долараў. Між тым раней на мадэрнізацыю абсталявання кіраўніцтва прадпрыемства брала буйныя валютныя крэдыты. У чым прычына няўдачаў?

«Прадукцыя класная. Калі б яна была дрэнная, яе б не куплялі «Мішлен», «Гуд’ер» і гэтак далей. Амерыканцы б не куплялі для сваёй нафтаздабычы. Прадукцыя добрая на БМЗ. У гэтым абсурд і заключаецца, што якасная прадукцыя пастаўляецца, сусветныя фірмы набываюць яе. Але завод – банкрут», – распавядае працаўнік БМЗ Алег Шанюк.

Паводле Алега, які ў перыяд забастовак на БМЗ увайшоў у тамтэйшы страйкам, заробкі ў працаўнікоў заводу невялікія. Гэтак, у яго – брыгадзіра, які адпрацаваў 31 год у гарачым цэху, – заробак дасягаў 420-ці еўраў. У жонкі, працаўніцы аддзелу тэхнічнага кантролю, – амаль удвая меншы.

«Дзяржава вельмі абдзірае завод. Пастаянна былі размовы пра шэрыя схемы, што папросту крадуць. Вы б бачылі, які ў нас там царскі пасёлак, якія там дамы пабудавала начальства!» – абураецца Алег.

Аляксандр Лукашэнка не дазволіць прызнаць банкрутамі стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы. Да таго ж прадукцыі цяжка канкураваць на сусветным рынку.

«Вынік, у гэтым выпадку, вялікай страты і цяжкай закрэдытаванасці па БМЗ – гэта следства яшчэ адной палітычнай кампаніі, а менавіта гэтай «мадэрнізацыі». Быў збудаваны яшчэ адзін пракатны стан па вытворчасці прадукцыі, якая і так адчувала сур’ёзную канкурэнцыю з вытворцамі з Кітаю, рынку, была не вельмі патрэбная. Пры гэтым яно было надзвычай дарагім прадпрыемствам», – лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

Наракае на мэнэджмент прадпрыемства і Ларыса Шанюк, якая прапрацавала на прадпрыемстве больш за 30 гадоў.

«Яго спрабуюць ратаваць, але гэта нейкія не тыя метады, якія неабходна ўжываць. У першую чаргу, неабходна змяніць галаву. Ад галавы ўсе праблемы. Рыба гніе з галавы – у нас у дзяржаве і на ўсіх прадпрыемствах», – упэўнена Ларыса.

Тым часам БМЗ мусіць недзе знайсці тры мільярды шэсцьсот мільёнаў рублёў, каб разлічыцца з даўгамі і крэдытамі.

Вольга Гоманава, «Белсат»