Мінула 72 гады з нараджэння генерала Юрыя Захаранкі


«Ён заўсёды быў лідарам, заўсёды ішоў наперад», – кажа Алена Захаранка. Колішні міністр унутраных справаў, які трапіў у няласку Лукашэнкі. Юрыю Захаранку магло споўніцца 72 гады.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лукашэнку патрэбныя былі бяздумныя выканаўцы і больш нічога, а Юрый Захаранка на такую ролю не падыходзіў, – разважае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валерый Карбалевіч. – Ён не хацеў безагаворачна выконваць усё, што загадае Лукашэнка».

Міністрам Захаранка прабыў менш за 15 месцаў. Спачатку Лукашэнка вызваліў яго з пасады, а потым панізіў у званні з генерала да палкоўніка міліцыі і звольніў з МУС. Юрыю Захаранку відавочна не пасаваў стыль кіравання Лукашэнкі.

«”Ты павінен выканаць мой любы ўказ”. Я яму кажу: “Аляксандр Рыгоравіч, людзей расстрэльваць я не буду, Канстытуцыю парушаць я не буду”. “Калі ты не выканаеш мой любы ўказ, табе надзенуць кайданкі”. Гэта запалохванне? Гэта запалохванне. Гэта стыль кіраўніцтва».

Юрый Захаранка перайшоў у апазіцыю да Лукашэнкі. Ён ачоліў камітэт бяспекі ў складзе ценявога ўраду і займаўся стварэннем Саюзу афіцэраў.

«Аўтарытэт у гэтых колах у той час у яго быў вялізны. Пасля, калі супрацоўнікі міліцыі дэградавалі, калі сістэма стварыла сабе падобных, мы назіраем іншую сітуацыю. Але тады афіцэр асацыяваўся з гонарам, годнасцю, законам», – кажа дачка Юрыя Захаранкі Алена.

Партрэт Юрыя Захаранкі ўдома ў ягонай дачкі Алены.
Фота: Белсат

7-га траўня 1999 года Юрый Захаранка бясследна знік. Перад гэтым загадкавая смерць напаткала апазіцыйнага палітыка Генадзя Карпенку. А праз паўгода знік без вестак яшчэ адзін апанент Лукашэнкі – былы дэпутат і кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, а разам з ім – бізнесовец Анатоль Красоўскі.

«Гучалі і пагрозы, былі прапановы камфортнага жыцця, толькі каб не заходзіць у палітыку. Але гэта не было выбарам ні Захаранкі, ні Ганчара. Гэта была не першая спроба іх выдаліць з палітыкі. Калі не спрацавалі папярэднія, Лукашэнка пайшоў на тое, каб даць адмашку эскадрону смерці», – узгадвае кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Чатыры гады таму былы спецназавец Юрый Гараўскі падзяліўся з журналістам «Deutsche Welle» і дачкою Юрыя Захаранкі падрабязнасцямі выкрадання і забойства палітыка.

Паводле Гараўскага, байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС выкралі Юрыя Захаранку на вуліцы Магілёўскай, непадалёк ад ягонага дому ў Менску. Яго прымусова пасадзілі ў аўтамабіль і завезлі на навучальную базу ўнутраных войскаў у Валоўшчыне. Там Захаранку забілі са спецыяльнага пісталета з глушыльнікам, што выкарыстоўваецца для выканання смяротных прысудаў у Беларусі. Потым цела завезлі ў крэматорый на Паўночных могілках.

Гараўскі паведаміў, што ў Юрыя Захаранку, як і ў іншых выкрадзеных апанентаў Лукашэнкі, страляў асабіста тагачасны камандзір брыгады спецназу Дзмітрый Паўлічэнка.

«Яго паклалі тварам уніз, яму стралялі ў спіну. Вашаму бацьку, Ганчару і Красоўскаму стралялі ў спіну, – расказваў Гараўскі. – Калі Паўлічэнка націснуў і зрабіў стрэл, два стрэлы, я, скажу шчыра, знутры крыху прысеў».

Летась у Швейцарыі адбыўся суд над Юрыем Гараўскім, у выніку якога былога спецназаўца не прызналі вінаватым у выкраданні Юрыя Захаранкі.

«Разгляд гэтай справы ў судовым парадку пачаты ў Швейцарыі, але ён не завершаны. Завяршэнне будзе тады, калі на лаве падсудных апынуцца тыя, хто замаўляў, арганізоўваў і выконваў гэтыя злачынствы. Усё наперадзе. Як мінімум гэта адбудзецца ў новай Беларусі. Але не выключаю, што могуць быць судовыя працэсы і за межамі Беларусі», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Жонка Юрыя Захаранкі і абедзве ягоныя дачкі пакінулі Беларусь у 2000-ым годзе і жывуць за мяжой. Маці Юрыя Захаранкі памерла амаль шэсць гадоў таму, так і не дачакаўшыся звестак пра лёс сына. Тых хто вінаваты ў знікненні палітыкаў, пракуратура лукашэнкаўскай Беларусі не назвала дагэтуль.

Ян Федаровіч, «Белсат»