Павышэнне падаткаў для беларусаў


https://youtu.be/7l_D-juq5To?t=926
Проста вельмі патрэбныя грошы? Ва ўмовах санкцыяў Лукашэнка ды ягоныя чыноўнікі, здаецца, шукаюць любую магчымасць напоўніць бюджэт. Не пужае нават тое, што павышэнне падаткаў ставіць дробных прадпрымальнікаў і самазанятых на мяжу выжывання.
«Калі рэпетытар займаецца, і рэпетытарства – гэта не асноўная дзейнасць, то ніхто не будзе плаціць, – кажа настаўніца Ганна Саламонава. – Ніхто не будзе рэгістравацца, бо 165 рублёў – гэта шмат».
Згодна са зменамі, размешчанымі на партале pravo.by, асабліва моцна вырас адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў і асобаў, якія працуюць без статусу ІП. Напрыклад, рэпетытар з Менску замест 82-ух цяпер мусіць плаціць 164 рублі за месяц. У два разы больш грошай патрабуюць і ад арганізатара вяселляў са сталіцы – 518 рублёў замест 259-ці. А менскі будаўнік, які раней аддаваў 292 рублі падаткаў, цяпер заплоціць 438. У рэгіёнах расцэнкі крыху ніжэйшыя, але яны таксама прапарцыйна падраслі.
«Калі прадпрымальнікі пачнуць масава сыходзіць у цень, будуць сур’ёзныя і катастрафічныя наступствы для нашай эканомікі, – адзначае эканамістка Аліса Рыжычэнка. – Не толькі ў зніжэнні падатковых паступленняў у бюджэт, але і ў змяншэнні працоўных месцаў, заробкі ў канвертах, скарачэнні ўнутранага попыту. Гэта ўсё як ланцуговая рэакцыя, якую немагчыма будзе потым спыніць».
Эканаміст Аляксей Харкевіч бачыць у такой падатковай палітыцы Лукашэнкі пэўны план:
«Напэўна, гэта частка падрыхтоўкі дзейнага рэжыму да перыяду пасля вайны. Ён бачыць нейкую будучыню пасля вайны эканамічную, і яна, на мой погляд, не прадугледжвае прыватнага бізнесу наогул».
Для аператараў сотавай сувязі працягнулі дзеянне павышанага падатку на прыбытак. Апошнія два гады ён складае 30 адсоткаў. Да таго ж як для фізічных, так і для юрыдычных асобаў на 19 адсоткаў павысіўся зямельны падатак. Узраслі таксама акцызы на тытунь і алкаголь, што звязана з уніфікацыяй падатковых сістэмаў Беларусі і Расеі.
«Пры гэтым у Расеі стаўкі на акцызы па іншых падатках нашмат вышэйшыя, і мы будзем плаўна падыходзіць да гэтых ставак. Напрыклад, на алкаголь і цыгарэты акцызы павысяцца ў два разы да канца года. І гэта не канчатковае павышэнне. Гэтыя акцызы будуць падвышацца да 2027-га», – кажа Аліса Рыжычэнка.
Адметна і тое, што на адзінаццаць адсоткаў павялічыўся падатак на першую кватэру. Сам падатак адносна новы – яго ўвялі летась. Прычым магчымы фінансавы прафіт дзяржавы зусім невялікі. На думку Аляксея Харкевіча, гэта хутчэй сімвалічны крок:
«Пэўны сігнал, каб людзі разумелі, што цяпер у нас феадалізм. Як аналаг – баршчына, аброк, і вы сваім існаваннем ужо абавязаныя дзяржаве. Раней вы вінныя былі памешчыку, а цяпер бюджэту. Проста праз тое, што вы тут ёсць, вы тут жывяце».
Зрэшты, лукашысты павышаюць падаткі нават для тых, хто зʼехаў з краіны. Значна падаражэлі ўсе паслугі, якія надаюць беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
Ян Федаровіч, «Белсат»