Уводзіцца новы падатак


Новыя зборы ды істотна павялічаныя зборы ранейшыя. Апублікаваны абноўлены Падатковы кодэкс наўрад ці ўсцешыць большасць беларусаў. Хаця, як заўважае эканаміст, з якім паразмаўляў наш журналіст Валера Руселік, змены ў сістэме дзяржаўных збораў будуць падавацца грамадзянам пад самымі прывабнымі сацыяльнымі лозунгамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У новы год – з новымі падаткамі. Змены ў Падатковы кодэкс, апублікаваныя сёння, утрымліваюць цэлы шэраг новых збораў: ад падатку для ўласнікаў аднае кватэры (з разліку 0,1 адсотка ад разліковага кошту жытла за квадратны метр) да грыбнікоў і гандляроў мясам, агуркамі ды яйкамі з падсобнай гаспадаркі – ажно 10 адсоткаў ад прыбытку, большага за 200 базавых велічыняў. З наступнага года з’явіцца і прафесійны падатак для рамеснікаў і фізічных асобаў – 10–20 адсоткаў ад даходу. А тых, хто, на думку дзяржавы, жыве «не па сродках», абцяжараць падаткам 20 адсоткаў.

«Я думаю, што цяпер гэта будзе прасоўвацца праз сродкі масавай інфармацыі – пра тое, што ў нас менш разрыў паміж багатымі і беднымі, у нас ёсць сацыяльнае падтрыманне аховы здароўя, пенсіянераў і гэтак далей. То бок будзе ссоўвацца асноўны акцэнт на тое, што ў нас няма бедных. А тое, што багатых не будзе, не так важна. Галоўнае, што ў нас не будзе бедных!» – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

У разы павялічваюцца ўжо існыя стаўкі, у прыватнасці для індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, па сутнасці, улады ладзяць натуральны адбор для іпэшнікаў з прыцэлам зноўку ж на патэнцыйнае іхнае раскулачванне.

«Павелічэнне ставак падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў – удвая і нават утрая! Мне здаецца, гэта можна разглядаць вось з якой пазіцыі: маўляў, мы вам ставім гэткія стаўкі падаткаў, калі вы выжылі, то ў нас узнікае пытанне, за кошт чаго вы тады жывяце», – тлумачыць Харкевіч.

У выніку, рэзюмуе эксперт, выбудоўваецца новая мадэль айчыннай эканомікі, калі багаты будзе плаціць больш, а беднасць станецца нормаю. І, як ні дзіўна, гэткая мадэль арыентаваная прынамсі на частку нашых суграмадзянаў.

«Гэта будзе краіна для гэтых людзей, якія хочуць «роўнасці», хочуць, каб не было багатых, якія ненавідзяць багатых. І, натуральна, багатым у гэтай краіне можна быць толькі ў выпадку, калі ты звышлаяльны да дзейнай улады, альбо, напэўна, трэба з’язджаць», – канстатуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

Як вам гэткая «роўнасць»? Прывабная?

Валера Руселік, «Белсат»