Праваабаронцы: утрыманне ў калоніі асобы з інваліднасцю часам мае прыкметы катавання

«Змагацца трэба і думаць пра будучыню, каб усё было добра ў Беларусі», – кажа Мікалай, ён мае інваліднасць трэцяй групы, лёгкае развіццё разумовай адсталасці. Да змушанага пераезду ў Вільню жыў у інтэрнаце ў Менску і працаваў на трактарным заводзе прыбіральнікам памяшканняў ды гардэробнікам. Калі на МТЗ пачаліся паслявыбарчыя пратэсты, Мікалай далучыўся да іх, падтрымліваў мужчына і маршы інвалідаў.

«Калі інваліды выходзілі, я яшчэ працаваў, не было магчымасці выходзіць. Я сядзеў у распранальні, нічога не рабіў, сказаў, што я працаваць не буду, буду сядзець, мае гадзіны пройдуць – і ўсё», – узгадвае Мікалай.

Дзясяткі, а часам і сотні ўдзельнікаў збіралі летась маршы інвалідаў. Іх затрымлівалі, нават тых, хто карыстаецца вазком, іх штрафавалі і каралі соднямі арышту. І сёння сярод пакараных паводле крымінальных артыкулаў за ўдзел у паслявыбарчых акцыях ёсць людзі з інваліднасцю. Паводле праваабаронцаў, за кратамі іх можа быць ад некалькіх дзясяткаў да сотняў.

Агулам жа колькасць людзей з інваліднасцю ў кожнай калоніі лічыцца дзясяткамі, але пенітэнцыярныя ўстановы Беларусі не прыстасаваныя для такіх зняволеных, адзначаюць праваабаронцы. Паводле заканадаўства, для іх маюць ствараць палепшаныя сацыяльна-побытавыя ўмовы.

«Насамрэч ніхто не стварае за выключэннем таго, што іх, як правіла, збіраюць у асобныя атрады, якія ўтрымліваюцца на першым паверсе, ствараюцца па-чалавечы размясціць на першым ярусе такіх людзей», – кажа лекар і праваабаронца Васіль Завадскі.

Утрыманне ж у следчым ізалятары ці калоніі зняволеных з інваліднасцю, якіх пакаралі паводле «палітычных» артыкулаў, часам мае нават прыкметы катавання, адзначае Васіль Завадскі.

«Вось я чытаю, што чалавек, які на волі меў пратэз, – яму не далі яго з сабой. І што яму тады рабіць, у СІЗА асабліва, калі яму прыходзіцца там па гэтых высокіх сходах перамяшчацца, якія ў амерыканцы ёсць? То бок гэта няпроста», – адзначае праваабаронца.

І гэта не адзінкавы выпадак. Палітвязня Дзмітрыя Заломскага, які мае інваліднасць паводле слыху, пакаралі двума гадамі калоніі, прызнаўшы вінаватым у «абразе кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозе гвалтам у дачыненні суддзі». Яго ўзялі пад варту ў залі суда і забралі слыхавы апарат.

Змяніць сітуацыю для тых, хто сядзіць за кратамі, могуць тыя, хто застаўся на волі.

«Мы змагаемся тут, каб дыктатар чуў і ў амбасадзе, што яго ні Еўропа… ніхто не прызнае, ён нелегітымны. І верым, што мы пераможам», – кажа Мікалай.

Мужчына спадзяецца неўзабаве вярнуцца ў вольную Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама