Бойка санкцыйнымі пакетамі. Наколькі моцным будзе адказ Беларусі?


Авіяцыйны, гатэльны і турыстычны бізнес, ручны памежны спецназ Лукашэнкі і чатыры беларускіх прадпрыемствы – пад грузам санкцыяў Еўразвязу за стварэнне масавай нелегальнай міграцыі і абуральныя парушэнні правоў чалавека. Сам Лукашэнка і верныя яму чыноўнікі называюць санкцыі незаконнымі і абяцаюць ударыць па Захадзе сваім санкцыйным пакетам.

Беларускі рэжым дачакаўся ўступлення ў сілу новых санкцыяў і праз содні пачаў планаваць бюджэт на наступны год. У бягучым – нарошчванне экспарту – 33 %, вонкавы гандаль з прыбыткам $ 2,7 млрд і рост эканомікі амаль на 2,4 %. Насуперак санкцыям.

«Псіхалагічнае напружанне і ціск, безумоўна, будзе расці. І 2021 год – гэта, па-сутнасці, апошні год, у якім Лукашэнка яшчэ ўдалося манетызаваць нерашучасць Захаду і дзіравыя санкцыі, якія мы сёння маем», – лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Санкцыі Еўразвязу незаконныя, да таго ж ад іх пакутуюць грамадзяне краіны – такія словы гучалі падчас нарады ў Менску. Але стасункаў з Захадам Лукашэнка ірваць сёння не стаў.

«Ужо некаторыя амбасады ўжо пакуюць валізкі, таму што думаюць »прэзідэнт прыме рашэнне іх заўтра выкінуць«. Павінен іх супакоіць. Мы ні ў каго валізкі і тое, што ў валізках адбіраць не збіраемся. Мы нікога не будзем выкідваць. Мы будзем рабіць гэта цывілізавана ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права», – заявіў Лукашэнка.

Перад прысутнымі ўжо ў каторы раз кіраўнік паставіў нялёгкую задачу – тэрмінова шукаць новыя рынкі збыту. Хоць у пятым пакеце санкцыяў Еўразвязу вялікая частка прысвечаная бізнесу, адказнаму за створаны на мяжы з ЕЗ міграцыйны крызіс, ёсць таксама чатыры буйныя прадпрыемствы – «Беларуснафта», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно» і « Белшына».

Здымак мае ілюстрацыйны харакстар.
Фота: pixabay.com

Прывядзем два прыклады. Сырую нафту Беларусь пастаўляла выключна ў Еўразвяз. З учорашняга дня гэта немагчыма.

Патэнцыйна гэта мінус $ 730 млн у год або 1 % ВУП краіны. Такі даход «Беларуснафта» мела ў дапандэмічным 2019 годзе.

Прыбытак прадпрыемства «Горадня Азот» ад продажу ў Еўропу азотных угнаенняў – каля $ 90 млн у год. На захад сыходзіла палова гатовай прадукцыі прадпрыемства, якое і без таго скончыла мінулы год, як стратнае.

«Краіны пачынаюць комплексна падыходзіць да санкцыяў і дапаўняць адно аднога. То бок Еўразвяз уключыў у санкцыі толькі 15 % калійных угнаенняў, а ЗША і Беларуськалій, і БКК (Беларускую калійную кампанію). І такім чынам у доларах з гэтымі прадпрыемствамі ўжо ніякая трансакцыя не пройдзе», – распавёў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч.

Гэтак стала немагчымым абыходжанне санкцыяў «Беларуськаліем», які прадаваў угнаенні праз Беларускую калійную кампанію«. ЗША таксама кваліфікавалі Міністэрства фінансаў Беларусі і Банк развіцця, як »палітычныя падраздзяленні« і закрылі магчымасць заключаць з імі фінансавыя дамоўленасці і займаць долары ўнутры краіны.

«То бок ніякія еўрабонды не змогуць быць набытыя фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, ці то банкамі. Так што санкцыі даволі істотныя. Раней еўрапейцы ўвялі санкцыі супраць алігарха Гуцарыева персанальныя санкцыі. Зараз амерыканцы дадалі на «Слаўкалій». Канада ўвяла на «Цэнтркурорт» і на прадпрыемства «Пеленг»», – патлумачыў Алесь Аляхновіч.

Апроч прадпрыемстваў пад абмежаванні ўчора трапіў авіяперавознік »Белавія«, які сёлета ўжо страціў Еўрапейскі кірунак і 15 з 29 самалётаў – пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёту Ryanair. Сёння «Белавія» заявіла, што санкцыі не пагоршаць яе становішча.

Такая рыторыка адпавядае заявам беларускай вертыкалі, якая не толькі «Усё гэта перажыве», але рыхтуе адказ. Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў:

«Мы падрыхтавалі і ў бліжэйшы дні ўвядзем пакет мер у адказ па рэагаванні эканамічнага ў адказ на тыя абмежавальныя меры, якія былі прынятыя ў дачыненні да нашай краіны. Спіс будзе дастаткова вялікі».

Наколькі вялікай і наколькі не шкоднаю для сваіх жа інтарэсаў – пакуль застаецца загадкаю нават для дзяржаўнай прапаганды.

Юлія Цяльпук, «Белсат»