Ці чакаць рэформаў школьнай талеркі?


Рыба, арэхі, яйкі, масла. Толькі частка з пераліку харчоў, якія дзіця мае АБАВЯЗКОВА есці, каб стымулявалася ягоная мазгавая і фізічная актыўнасць. Але каб школьнік з’еў прапанаваны абед, ён мае быць смачна прыгатаваны і яшчэ цёплы – падкрэсліваюць бацькі. Бацькам не хацелася б пераймацца, што іхныя дзеці не зʼядаюць прапанаванага сталовай абеду. Нават прызначаны Лукашэнкам прэмʼер прызнаў, што якасць школьнай кухні пакідае жадаць лепшага. Чым, як і чаму не інакш кормяць нашых дзяцей?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сталовая ў кітайскай школе. Зазіраем у талеркі і аблізваемся: побач з добрым кавалкам мяса – вялікая салата, якая дапаможа гэтае мяса пераварыць. Прабяжымся вачыма і па абедзенным стале французскіх школьнікаў. Салаты дзве, на выбар, і вялікі запечаны амлет. Смачна есці!

Абеды з беларускіх школьных сталовых выглядаюць менш прывабна. Ці падабаецца дзецям гэта есці – запыталіся ў іхных бацькоў:

«Дзеці абое адмовіліся ад абедаў у школе. Нясмачна і халодныя стравы».

«У любой нармальнай краіне ёсць шведскі стол, але ў Беларусі такое немагчыма, бо «ябацькі» скрадуць нават катлеты з батону».

«Сталовыя, што былі ў мой час – гэта пустое марнаванне прадуктаў і часамі небяспечнае: атручванні, нястраўнасць ці проста жудасны выгляд і смак ежы – звычайная справа. Магчыма, у прыватных школах з гэтым лепш, толькі такіх школаў ужо ж няма ў краіне».

«Калі едзе праверка ў адную са школаў, дзецям даюць па дзве катлеты, садавіну і сокі. А ў іншыя дні – адну катлету і яблычны кампот з чарвякамі штодня. Трэба ў вёсках часцей правяраць без папярэджання».

Такія дзве катлеты паклалі дзецям і ў дзень наведвання школы ў Петрыкаўскім раёне журналістамі дзяржтэлеканалу СТВ. У выпадках раптоўных праверак Камітэт дзяржкантролю сёлета выявіў адсутнасць сокаў і садавіны ў меню. Раней – былі скаргі на недаважванне мяса, рыбы і гародніны ў абедавых порцыях. Настаўніца ў Гомля, якая адзін час харчавалася ў школьнай сталовай, узгадвае:

«У сталовай не смачна! Аніводнай годнай стравы, якую дзеці будуць зʼядаць, не было. Ну сасіскі елі, так», – паведаміла Ганна Саламонава.

Настаўніца Марына Хоміч, якая выкладала ў Менску, узгадвае, што ежа выглядала эстэтычна і была гарачаю. Але мае некалькі заўвагаў.

«У школе шмат фаст-фуду, маянэзу і страваў, якія не спрыяюць выхаванню здаровых дзяцей. Дзеці прыбягаюць да фаст-фуду, які прадаецца ў школьным буфеце. Менавіта наяўнасць гэтай “хуткай ежы” мяне больш за ўсё напружвае».

Чыпсы, кукурузныя палачкі і сухарыкі на ўсе і, салодкае і мучное. Калі не адпавядае сталоўская ежа – школьнікі ідуць у буфет, кавярню ці краму насупраць школы.

Бацькі ж – з пятага класу – плоцяць паўтара рублі за ежу ў школах і гімназіях. Кухня савецкага ўзору ў школе засталася, хоць выбар харчоў цяпер у дзясяткі, калі не сотні разоў шырэйшы.

У таксама постсавецкай Украіне сталоўскае меню эвалюцыянуе больш імкліва. Адказвае за яго школьная дыет-сястра. Але стандарты – цэнтралізаваныя. Першая лэдзі Алена Зяленская паклапацілася аб змяншэнні на талерцы хлебабулачных вырабаў, цукру і солі, і аб павелічэнні спажывання гародніны і мяса. Мінусы абноўленай сістэмы – меншыя порцыі, большыя цэны, і не заўжды перамога рацыянальнага над прывычкамі.

Дыетолаг-кансультант з Украіны Алена Юдзіна кажа:

«Калі браць уцэлым, то ў нейкіх школах было шмат цукру ў рацыёне харчавання. Я разумею, чаму. Бацькам залежала, каб дзеці елі. Калі ім нясмачна, не будуць есці, таму яны дадавалі больш цукру».

Рыбы і гародніны ў меню было менш чым належыць. Алена Юдзіна кажа пра прыватныя школы, якія кансультавала. Агулам харчаванне там ацаніла на цвёрдую сямёрку.

«Кетэрынгавая кампанія прывозіла. Яна была зацікаўленая каб дзеці елі, бо калі не будуць есці – яны страцяць працу. Школа знойдзе новую кетэрынгавую кампанію. То бок, як бачым, тут ёсць стымул. На жаль у дзяржаўных структурах усё працуе інакш. Там працуюць тэндары. Мы самі ведаем, як гэтыя тэндары выйграюць. Церпяць пры гэтым дзеці», – рэзюмуе дыетолаг.

Беларускія чыноўнікі зачынілі прыватныя школы. У дзяржаўных – абяцаюць узяцца за тое, што трапляе на талеркі школьнікаў.

«Вучням нярэдка прапаноўваюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы. Дзеці іх папросту не ядуць», – прамовіў напярэдадні Раман Галоўчанка.

Паводле ўсталяванага рэжымам фармату, удасканальваць будуць прапанову ў камбінатах школьнага харчавання. Спадзеў прынамсі на перайманне прыкладу шэрагу гарадзенскіх і часткі менскіх школ, якія даюць дзецям магчымасць выбіраць страву.

Юлія Цяльпук, «Белсат»