Сёння адзначаюцць 140-ыя ўгодкі нараджэння Якуба Коласа


«Я ўсхвалёван да глыбіні душы тою вялікаю пашанаю, якую аказалі вы мне», – так гаварыў Народны паэт Беларусі Якуб Колас на вечарыне, прысвечанай ягонаму 70-годдзю. Сёння 140-ыя ўгодкі нараджэння класіка беларускай літаратуры. І як і 70 гадоў таму, улады зладзілі шэраг афіцыйных імпрэзаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да помніка народнаму паэту, як на кожны юбілей, усклалі кветкі, а ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа запланаваная навуковая канферэнцыя «Каласавіны-2022».

У Беларускім дзяржаўным універсітэце цягам дня ўдзельнікі флэш-мобу – студэнты, выкладчыкі і працаўнікі – чыталі паэму «Новая зямля». Добра, што словы Якуба Коласа гучаць сёння ў Беларусі хоць такім чынам, кажа паэт Андрэй Хадановіч. Але стасункі Якуба Коласа з уладамі ніколі не былі простымі.

«Колас у 1906 годзе ў сваіх родных мясцінах праводзіў нелегальны настаўніцкі сход. І раптам праз пару гадоў яму “прыляцела”, і ён тры гады сядзеў у месцы, знаёмым сённяшнім літаратарам, – у Пішчалаўскім замку, у прастамоўі “на Валадарцы”», – кажа Андрэй Хадановіч.

Калі пачала ўмацоўвацца савецкая ўлада, у Якуба Коласа з’явіўся шэраг вершаў, якія паказвалі ягоную занепакоенасць дзеяннямі бальшавікоў.

«І ў 30-ыя гады, калі яго ўжо прымушалі, як і многіх іншых пісьменнікаў, складаць хваласпевы ў гонар Сталіна ці партыі (і яны вымушаныя былі гэта рабіць, бо былі ў закладніках), інакш бы арыштавалі яго, ягоных родных, то ён адкрыта казаў, што гэта дрындушкі, ён спецыяльна піша левай пяткай і не ставіцца да гэтага сурʼёзна», – кажа выкладчык і літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк.

У савецкім літаратуразнаўстве замоўчвалася апазіцыйнае стаўленне Якуба Коласа да савецкай улады, нічога не гаварылася ні пра ягоны выступ за беларускую царкву ў Беларусі, ні пра даносы на яго падчас працы ў Акадэміі навук, ні пра цэнзуру ягоных твораў.

«Былі радкі, дзе былі выяўленыя яго рэлігійныя настроі, бо Колас быў вельмі рэлігійным чалавекам, нацыянальныя настроі, тое, напрыклад, што добра было б, каб над намі не было ніякага маскаля, каб мы былі свабоднымі, яркімі, моцнымі. Гэтыя настроі ёсць у “Новай зямлі”, дзе галоўнае было, каб у беларуса быў свой надзел, свая незалежная тэрыторыя, дзе ён можа жыць і будавацца», – кажа Васіль Дранько-Майсюк.

Парэзаная была цэнзурай і другая важная ў творчасці Якуба Коласа паэма – «Сымон-музыка».

«Родны край! Ты разарваны. Паабапал ад мяжы лях ліхі, маскаль паганы моцна сцягваюць гужы. Потым гэты маскаль знікне, застанецца толькі лях, толькі пан, а “паабапал” заменіцца на “і на захад ад мяжы”. Вось яна – праца савецкай цэнзуры і самацэнзуры ў дзеянні», – кажа Андрэй Хадановіч.

Сёння над спадчынай Якуба Коласа шчыруюць ягоныя нашчадкі. У верасні ўнучка паэта Марыя Міцкевіч прэзентавала кнігу ўспамінаў, прысвечаную сваёй бабулі – жонцы Якуба Коласа. У верасні ж у Вільні адбылася і канферэнцыя, прысвечаная віленскім старонкам жыцця паэта. На ёй таксама чыталі «Новую зямлю».

Творы Якуба Коласа надзвычай актуальныя і сёння, падкрэсліваюць літаратуразнаўцы, найперш таму, што сёння, як і сто гадоў таму, мы не гаспадары ва ўласнай краіне.

«Жыві ж, наш край! Няхай надзея. Гарыць у сэрцы і мацнее, Што хоць не мы, дык нашы дзеці. Убачаць цэльным цябе ў свеце!», – цытуе Андрэй Хадановіч радкі народнага паэта, і дадае, што тады ў БДУ вернуцца звольненыя ўладамі выкладчыкі, і чытанні Якуба Коласа будуць ладзіцца не толькі на юбілеі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»