Бізнес-цэнтры пусцеюць, IT-сектар таксама


Сталічныя бізнес-цэнтры пусцеюць. Са ста сарака будынкаў у ста сямнаццаці ёсць вольныя офісы. 6 бізнес-цэнтраў цалкам пустыя. Прыпыненая будоўля больш як 30 тысяч офісных квадратных метраў, бо зрабілася зразумела – рынак перанасычаны прапановамі, а попыт усё менее.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канешне, гэта звязана не толькі з тым, што частка людзей працуюць дыстанцыйна, але шмат якія, на жаль, кампаніі папросту пакідаюць не толькі юрыдычна, але і фізічна Беларусь», – выканаўчы дырэктар «Baltic Internet Policy Initiative» Міхаіл Дарашэвіч кажа менавіта пра ІТ-кампаніі.

Яны арандуюць офісы прынамсі ўдвая меней, чымся раней. Адток работнікаў IT-галіны працягваецца. Паводле падлікаў выдання dev.by, з 2020 года Беларусь маглі пакінуць каля 20 тысяч айцішнікаў. А з пачаткам вайны ва Украіне здарылася новая хваля выездаў.

IT-адмыслоўца, які пажадаў застацца ананімным, распавядае:

«Тады не было зразумела, у які фармаце будзе Беларусь удзельнічаць у гэтай вайне, а паколькі вельмі шмат людзей, якія скончвалі рознага кшталту тэхнічныя ўстановы, мелі там вайсковую кафедру. Таму калі пачалі прыходзіць павесткі на зборы, удакладненне дадзеных у ваенкамат – усе гэтыя людзі з сем’ямі хутка, тэрмінова зʼехалі».

Толькі за першыя 3 месяцы вайны амерыканская кампанія «EPAM» выдаткавала больш за 33 мільёны долараў на рэлакацыю праграмістаў з Расеі і Беларусі.

У нашай краіне колькасць працаўнікоў IT, якія звольніліся, і так была стабільна большая, чымся прынятых на працу. Пасля 24 лютага адток айцішнікаў павялічыўся яшчэ больш. Гэтак, агулам IT-сфера страціла за гэты ча••••••••••••с больш за 13 тысяч работнікаў. Цяпер адток пачынае запавольвацца.

«Канешне ж, застануцца тыя кампаніі, у якіх кліенты знаходзяцца ў Расейскай Федэрацыі. Я чуў неверагодныя гісторыі пра тое, што назвы кампаніяў, якія звязаныя з нейкімі новымі альтэрнатыўнымі вайсковымі фармаваннямі – яны цалкам сабе маюць IT-інтарэсы, і гэтыя інтарэсы могуць распаўсюджвацца на IT-кампаніі, якія знаходзяцца ў Беларусі», – лічыць Міхаіл Дарашэвіч.

IT галіна летась сталася другою што да ўплыву на рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі. Яна склала амаль адзін адсотак ад 2,5, на якія вырас ВУП, перагнала сельскую гаспадарку ды будаўніцтва, якія ўвогуле паўплывалі на ВУП адмоўна.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у сваёй праграме «Атмасфера» падлічыў, што калі работнік сельскай гаспадаркі дае бюджэту амаль 10 тысяч долараў на год, то айцішнік – больш за 50 тысячаў:

«Таму калі нам кажуць, што з нейкага стартапу звольнілася 200 супрацоўнікаў і зʼехала ў Літву, гэта роўна таму, што ў нас звольнілася 1000 работнікаў сельскай гаспадаркі. У чым жа сакрэт? У адрозненне ад усіх астатніх, айцішнікі працуюць на сусветным рынку, і іх праца, вядома, цэніцца больш, чым праца прадстаўнікоў іншых прафесіяў».

У верасні адток у IT-сферы склаў 1300 чалавек. Калі раптам ніхто з іх не вернецца ў прафесію пасля звальнення – то гэта ўжо страты для беларускага ВУП на 65 мільёнаў долараў.

Яна Шэк, «Белсат»