Міграцыйны праект Лукашэнкі ў крызісе. Уцекачы вяртаюцца дамоў


Польскія памежнікі ў чарговы раз зафіксавалі парушэнне на польска-беларускай мяжы, а эксперты кажуць пра правал плану Лукашэнкі з перакідваннем мігрантаў.

Польскае Міністэрства замежных справаў у чарговы раз выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага, каб выказаць пратэст. Гэта звязана з чарговай правакацыяй на мяжы. Гэтым разам на тэрыторыю Польшчы з тэрыторыі Беларусі зайшлі невядомыя людзі ў вайсковай амуніцыі са зброяй.

Уначы з першага на другога лістапада трое невядомых у вайсковай форме са зброяй перайшлі на польскі бок. А калі іх заўважыў польскі патруль, перазарадзілі зброю і вярнуліся на беларускую тэрыторыю.

«Гэта спроба эскалацыі тых дзеянняў, з якімі мы сутыкаемся на мяжы. Памежнікі, жаўнеры аперацыйных войскаў, жаўнеры тэрытарыяльных войскаў доўгі час зазнаюць такога кшталту дзеянні, і трэба падкрэсліць, што сітуацыя ўсё больш напружваецца», – адзначае прэс-сакратар войскаў тэрытарыяльнай абароны Марэк Петшак.

Колькасць правакацыяў і спробаў перайсці мяжу бліжэйшым часам ня зменшыцца, упэўненыя ў Варшаве. Аднак спецыяльныя службы Польшчы зафіксавалі, што Ірак пачаў эвакуацыю сваіх грамадзянаў з Беларусі.

«Апошнімі днямі мы зафіксавалі зваротны рух. Некаторыя мігранты зацікаўленыя вярнуцца ў Ірак, у Багдад. Некалькі самалётаў апошнім часам вылецела з Беларусі маршрутам Менск – Багдад. Мігранты часцей зацікаўленыя вяртаннем у краіну паходжання. Бо яны бачаць, што дарога з Беларусі ня лёгкая, а польская мяжа вельмі добра ахоўваецца», – упэўнены прэс-сакратар міністра – каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.

Праект афіцыйнага Менску для стварэння штучнага міграцыйнага крызісу на ўсходніх межах Еўразвязу зазнае крызіс, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Крызіс выяўляецца ў тым, што не ўдалося змусіць Еўрапейскі Звяз з дапамогаю гэтага мігранцкага крызісу да перамоваў на ўмовах афіцыйнага Менску. Другая праблема – гэтыя мігранты сталі ствараць пэўныя цяжкасці для самой Беларусі. 107 Яны сталі заўважнымі ў Беларусі».

Заўважыць вялікія групы мігрантаў можна ў гандлёвых цэнтрах, кафэ, на вакзале Менску або ў памежных вёсках. Некаторыя жывуць пад адкрытым небам у дварах, на вуліцах. Аднак падобна, што ўлады гэта не турбуе. Яны надалей выдаюць кароткачасовыя візы гасцям з Блізкага Усходу і Афрыкі.

Перакрочыць беларуска-польскую і беларуска-літоўскую мяжу госці імкнуцца ня толькі пешшу, але і на чоўнах. А гэтым мігрантам не пашанцавала. Падобна, што літоўскія памежнікі развярнулі іх у бок Беларусі. Вяртацца прыйшлося праз халодную раку. Толькі за апошнія содні літоўскія і польскія памежнікі перадухілілі 453 спробы нелегальнага мінання мяжы.

Тым часам мігранты амаль дасягнулі Францыі. Пры канцы кастрычніка паліцыя блізкага да французскай мяжы нямецкага гораду Карлсруэ затрымала двух грамадзянаў Пакістану. У Нямеччыну яны трапілі праз Польшчу і Беларусь, а ў нашую краіну прыехалі праз Расею.

Антон Каменскі, «Белсат»