Затрыманне Пратасевіча і Сапегі можа быць магчымым поспехам пацука з «Чорнай кнігі Беларусі»


Сітуацыя, у якую трапілі беларусы ў 2020-ым годзе, была новаю і складанаю для шматлікіх у нас. Сілавікі душылі пратэсты, а прыхільнікі пераменаў абараняліся праўдаю. І рыхтавалі спісы для будучай люстрацыі. На даль, не абышлося без памылак, якія каштавалі некаторым беларусам свабоды. Расследаванне «Белсату» у апошняй праграме «Тыдзень» паказвае нам некаторыя падрабязнасці аперацыі па затрыманні Соф’і Сапегі і Рамана Пратасевіча, а таксама прычыны затрымання некаторых інфарматараў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На працягу дзевяці месяцаў у камандзе тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» і сеткі «Інфапоінт» сядзеў пацук.

Гэтая гісторыя пачалася ў верасні 2020 года, калі створаны ў Тэлеграме канал «Чорная кніга Беларусі» збіраў каманду дзеля пошуку і верыфікацыі асобаў сілавікоў, адказных за катаванні, пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. У «Чорную кнігу», і ў падобны тэматычна ТГ-канал «Карнікі Беларусі» напісаў супрацоўнік службы бяспекі «Белгазпрамбанку» – Артур.

«Я супрацоўнік “Белгазпрамбанку”. Маю доступ да сакрэтнай інфармацыі. Хачу дапамагаць вам. Магу весці правяранне па банкаўскіх базах», – запэўніў Артур.

З Янінаю Сазановіч (нік I hate omon) у «Карніках Беларусі» супраца не наладзілася, бо Артур не пацвердзіў сваёй асобы. Але ў «ЧКБ» мужчыну прынялі. У сярэдзіне восені новая супрацоўніца «ЧКБ» Яніна заўважыла яго ў агульным чаце. Даведалася, што асобе, якая знаходзіцца ўнутры Беларусі, ды не паказвае твару і прозвішча даверылі весці прыватную перапіску з важнымі інфарматарамі Чорнай кнігі. Паралельна Артур правяраў прозвішчы лукашэнкаўскіх сілавікоў нібыта праз банкаўскую сістэму.

«Ён верыфікаваў сябе. Я не буду расказваць працэдуры, якія праходзіў. У праекту быў галоўны рэдактар, які апроч мяне таксама прымаў такое рашэнне. Верыфікаваўся праз колькасць злітых нам звестак. Прабачце мяне, але зліць некалькі соцень прозвішчаў супрацоўнікаў ГУБАЗу. Для мяне гэта сведчыць прынамсі пра тое, што чалавек супрацоўнічае. Усе прозвішчы можна супаставіць з рэальнымі. І спісы нам верыфікавалі, што яны карэктныя», – патлумачыў медыяменеджар Данііл Багдановіч.

Даніла нават не здагадваўся, што Пад маскаю працаўніка банку – Артур Сяргеевіч Гайко – старэйшы оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах ІІ аддзелу ГУБАЗіК. Пацук у камандзе «чарнакніжнікаў». Дзеля ўтрымання даверу ён зліваў некаторыя звесткі. Аднак пасля атрымання доступу да чат-боту праекту і далучэння да закрытага чату супрацоўнікаў каналу «ЧКБ» пацук завалодаў прозвішчамі часткі каманды і звесткамі інфарматараў. Ужо праз два тыдні ў Менску арышавалі першага важнага інфарматара Чорнай Кнігі.

«Там была такая сітуацыя, што толькі адзін чалавек з каманды і гэты Артур ведалі крыніцу. Затрымалі асобу з той фірмы і супрацоўнік, які не Артур, пачаў задаваць пытанні Даніле і рэшце. Маўляў, нешта не тое».

З таго дня рос недавер да Артура з боку Яніны і таго чальца «ЧКБ», якога назавем спадар «Дэ». У сакавіку 2021 году праз базу кіберпартызанаў, якая яшчэ не ўтрымлівала фота, яны знайшлі прозвішча і сапраўдную пасаду Артура, і прасілі Данілу Багдановіча патрабаваць Артураў пашпарт, але безвынікова.

Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч, былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі». 29 верасня 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У красавіку 21-га Артур пераконваў каманду, што пацуком у ёй зʼяўляецца Яніна. Сам ён ачоліў «ЧКБ» і адказваў за бяспеку ў ініцыятыве «Інфапоінт», дзе перасякаўся з шэрагам апазіцыянераў. У тым ліку з экс-галоўрэдам каналу NЕХТА Раманам Пратасевічам самалёт з якім праз месяц прымусова пасадзілі ў Менску.

«Потым мы даведаліся, што Артур сустракаў Софʼю і Рому пасля таго, як самалёт пасадзілі. У аэрапорце. Ён быў на лётнішчы», – распавяла «Белсату» Яніна.

Пасля гэтага акту паветранага пірацтва ў Менску па справе «ЧКБ» пачаліся масавыя арышты. Следчы Камітэт згадваў, што затрымалі больш чым 20 асобаў паводле толькі адной крымінальнай справы Чорнай кнігі:

«Сярод чальцоў «тэхнічнага падтрымання» злачыннай суполкі работнікі дзяржорганаў, былыя праваахоўнікі і асобы, якія мелі доступ да асабістых звестак беларусаў», – пісала прэс-служба СК РБ.

Сярод асуджаных і затрыманых у справе «Чорнай кнігі» – міліцыянты і экс-міліцыянты, былы следчы, работніцы МТБанку, Белгазпрамбанку, менеджар сеткі мабільнага аператара «Бэст» і начальнік аддзелу маркетынгу аператара «Life», айцішнікі і гэтак далей. Рэжым дэманструе следчы поспех і абяцае прыйсці да кожнага.

У ЧКБ пачалося ўнутранае расследаванне, якое паказала, што Артур Гайко і Артур Бароеў з базы ГУБАЗіК – адзін твар. Пазней «BYPOL» апублікаваў уласнае расследаванне пра агентаў ГУБАЗіКу, сярод якіх фігураваў наш антыгерой:

«У сакавіку 2021 Гайко датэрмінова прысвоілі званне цэлага капітана міліцыі», – цытата з расследавання.

Павышэнне ён атрымаў за пранікненне ў каманду «Чорнай кнігі Беларусі, паведамілі байполаўцы.

«Мне вельмі сорамна, што гэта адбылося з тымі людзьмі, якія зараз сядзяць», – рэзюмавала Яніна Сазановіч.

«Усё што можна зрабіць – гэта працаваць на тое, каб беларусы хутчэй сталі свабоднымі і палітвязні выйшлі з турмаў» – акцэнтаваў Даніла Багдановіч.

Поўную версію гэтай гісторыі глядзіце ў праграме «Тыдзень» за другое кастрычніка.

Юлія Цяльпук, «Белсат»