Кіно пра Беларусь паказваюць у Варшаве


У Варшаве стартаваў Другі летні кінаагляд пад адкрытым небам. Імпрэза, зарганізаваная Цэнтрам думкі Яна Паўла Другога, праходзіць пад патранажам «Белсату». 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Распачаў серыю кінапраглядаў фільм пра беларускага мастака Алеся Пушкіна. Яго дадалі ў праграму ў апошні момант, каб ушанаваць памяць творцы, які памёр сёлета за кратамі.

«Алесь Пушкін быў і ёсць, бо ў фільме ён застанецца назаўсёды героем. Ён вельмі цікавы. Яскравая асоба, вельмі адважная і нешаблонная. Ён жывы прыклад таго, што свабода – гэта самае важнае», – кажа рэжысёр фільму Анджэй Фідык.

Другая стужка – «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы – пра падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў праз прызму звычайных беларускіх сем’яў. Адною з галоўных гераінь фільму сталася сястра Андрэя, якая неўзабаве пасля пачатку здымак трапіла ў ізалятар на Акрэсціна.

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць», атрымаў адзнаку на фестывалі «Artdocfest» у Рызе, Латвія.
Фота: Artdocfest

«Я назіраў, як яе змяняла гэтая траўма. Наколькі яна змянілася за гэтыя дні. Наколькі яна не тое што перажывае, а мусіць змагацца з гэтым страхам, каб ізноў прымусіць сябе выйсці на вуліцу. А пасля не толькі выйсці на вуліцу ў краму, а яшчэ вярнуцца на пратэсты», – апавядае рэжысёр фільму Андрэй Куціла.

Усяго пакажуць 16 стужак рэжысёраў-эмігрантаў – з Украіны, Грузіі, Індыі ды ўласна нашай краіны.

«Паказ беларускіх фільмаў – гэта для нас зазіранне ўнутр Беларусі. Магчымасць пабачыць, як культура будуе народ, будуе свядомасць. І тое, што прыносяць беларускія рэжысёры, якія фільмы мы глядзім, дапамагае нам лепей зразумець Беларусь, лепей зразумець перамены і тое, чаму гэтыя перамены – гэтак складана», – кажа Міхал Сэнк дырэктар Цэнтру думкі Яна Паўла Другога.

Паказы будуць адбывацца штосераду да 6-га верасня. У межах праграмы пакажуць яшчэ два беларускія фільмы – «Менск» рэжысёра Барыса Гуца і дакументальную стужку «Галасы».

Наста Печанькова, «Белсат»