Вынеслі вырак журналістцы польскага каналу TVP Ірыне Слаўнікавай


5 гадоў калоніі – такі вырак беларускі суд вынес журналістцы польскага тэлебачання TVP і нашай былой калезе Ірыне Слаўнікавай. На год больш, чым першапачаткова запатрабаваў пракурор на цалкам закрытым судовым працэсе. Рэжым нанёс чарговы ўдар па нелаяльнай яму журналістыцы – у час, калі незалежнай прэсы ўнутры краіны ўжо і так не засталося.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За нібыта ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем журналістку польскага тэлебачання TVP і былую працаўніцу «Белсату» Ірыну Слаўнікаву асудзілі на 5 гадоў калоніі. Справа разглядалася на беспадстаўна закрытым судовым працэсе.

«Гэта вырак журналістцы – папросту за сумленную працу, за пільнаванне прафесійнай этыкі, згодна з якой журналіст праўдзіва падае інфармацыю, падае правераную інфармацыю, а не выступае інструментам недэмакратычнага рэжыму, які сее фэйкі і прапаганду», – каментуе прысуд віцэ-прэзідэнт TVP Матэўш Матышковіч.

Увесь час, што разглядалася справа, блізкія маглі пабачыць Ірыну хіба мелькам. Бацька палітзняволенай бачыў яе толькі здалёк, калі ў залу суда з нейкай прычыны адкрываліся дзверы. Але ўжо на абвяшчэнне выраку сабраліся Ірыніны блізкія, сябры і калегі.

«Выглядала вельмі прыгожай – прычасаная, у свежым адзенні, якое мы ёй перадалі, – расказвае бацька Ірыны Аляксандр Слаўнікаў, які прысутнічаў на абвяшчэнні выраку, у інтэрв’ю TVP. – Але ў той жа час яна вельмі бледная. Якога чалавека, тым больш жанчыну, могуць упрыгожыць турэмныя засценкі, дзе сонечнае святло бачаць толькі на святы?»

Бацька Ірыны таксама расказаў, што Ірына праслязілася, калі пабачыла маці, але паказала блізкім падняты сціснуты кулак, маўляў, трымайцеся, усё будзе добра. Калі суддзя спытаў, ці зразумелы ёй вырак, журналістка адказала: «А вам, Высокі суд?».

«Мы папросту разарваныя, мы не маем ні хвіліны спакою, думаючы пра тое, што нашая дачка з 30 кастрычніка застаецца ў засценках, на нарах. Да таго ж з 3 чэрвеня да 23 ліпеня яна нават не мела магчымасці схадзіць у цёплы душ. І мы пакутуем і плачам – па-сапраўднаму і ў душы».

Паводле абвінавачвання, Ірына Слаўнікава быццам бы аб’яднала групу грамадзянаў, якія пад ейным кіраваннем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на польскіх медыйных рэсурсах. Так званую групу грамадзянаў прызналі «экстрэмісцкай» таксама таемна, падчас судовага працэсу над Ірынаю. Як аказалася, у апошні дзень судовага разгляду дзяржаўны абвінаваўца змяніў свой запыт з першапачатковых 4 на 6 гадоў зняволення.

«Гэтыя прысуды зробленыя менавіта для таго, каб адбіць усялякае жаданне і памкненне хаця б нейкую інфармацыю дасылаць у медыі. І вядома ж, гэтыя прысуды – расправа над тымі, хто трапіў за краты», – лічыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Ірыну Слаўнікаву разам з мужам затрымалі летась 30 кастрычніка – проста ў аэрапорце, калі яны вярталіся дадому з адпачынку.

«Гэта незвычайна смелы чалавек. Калі ў кастрычніку мінулага года я стэлефаноўваўся з ёй з Кіева, яна расказвала, што збіраецца вяртацца ў Беларусь, – успамінае Барыс Гарэцкі. – Гэта ў час, калі медыі пачалі прызнаваць экстрэмісцкімі матэрыяламі і было зразумела, што нікому ў Беларусі працаваць не дадуць, яна ўсё роўна прымала гэтае рашэнне».

Як праходзілі паседжанні закрытага працэсу, невядома, але бацька Ірыны Слаўнікавай сведчыць, што пераканаўчай доказнай базы абвінавачванне не дало, а адвакат за чатыры гадзіны выступу разбіў усе закіды ў бок журналісткі. Акурат каб гэтага ніхто не пабачыў, відаць, працэс і зрабілі закрытым.

«Гэта паказвае і крытычную слабасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Як моцна гэты дыктатар мусіць баяцца праўды, каб звяртацца да такіх моцных рэпрэсіяў супраць журналістаў, неймаверных для еўрапейскай краіны», – кажа Матэўш Матышковіч.

TVP заклікае еўрапейскія арганізацыі да як мага шырэйшага распаўсюду інфармацыі пра справу Ірыны Слаўнікавай ды іншых беларускіх журналістаў, якія апынуліся за кратамі.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»