У Беларусі могуць завесці крымінальную справу за адмову вярнуць грошы дзяржаве


Беларусы з дзецьмі да трох гадоў, якія выязджаюць за мяжу больш як на два месяцы, павінныя папярэдзіць аб гэтым сацыяльныя службы, якія спыняць выплаты падтрымання. У выпадку ігнаравання ці адмовы папярэдзіць пра ад’езд на бацькоў могуць завесці крымінальную справу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Карына Маліноўская была цяжарная падчас пратэстаў 2020 года. Але страціла дзіця пасля збівання ў Ленінскім РАУС Горадні. Цяпер Карына застаецца ў Польшчы разам са сваёй трохгадовай дачкой, на якую атрымоўвае сацыяльную дапамогу ад дзяржавы. Аднак праз тры месяцы яна даведалася, што ў Беларусі на яе заведзеная крымінальная справа за гэтыя самыя выплаты паводле артыкулу «Махлярства». Ёй пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў.

«Справа ў тым, што я ведала, што 2 месяцы я магу законна атрымліваць дапамогу, але на другі месяц мне пералічылі і адразу ж яе знялі незаконна за штраф за мітынгі – 270 рублёў з 350», – распавядае Карына Маліноўская.

Раней такой практыкі не існавала, бацькі з дзецьмі маглі выязджаць з краіны з захаваннем дапамогі. Цяпер жа паміж Памежным камітэтам ды Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ёсць пагадненне, на падставе якога можна параўнаць базы дадзеных атрымальнікаў сацыяльных выплатаў і грамадзянаў, якія выязджаюць з краіны.

«У дадзенай палітычнай сітуацыі я лічу гэта несправядлівым, прынамсі да таго моманту, пакуль іншая дзяржава не пачне выплачваць дапамогу. Мы не жадалі зʼязджаць, мы проста вымушана зʼехалі», – дзеліцца Карына Маліноўская

Не ўсе гэткія выпадкі заканчваюцца крымінальным пераследам. Сем’ям прапануюць вярнуць грошы. А часам іх спісваюць з рахунку прымусова.

Аднак не толькі бацькі малых дзяцей рызыкуюць застацца без дапамогі. Гэтак, Мікалай Курэйчык у 2020 годзе быў звольнены з МТЗ і пазбаўлены месца ў інтэрнаце за нібыта ўдзел у пратэстах. Пасля гэтага ён пераехаў у іншую краіну, але дапамога паводле інваліднасці яму прыходзіла. А цяпер ад яго патрабуюць вярнуць атрыманыя сродкі.

«Я не знаходзіўся на судзе ў Беларусі. Рашэнне там было прынята без мяне. Сказалі, што я цяпер у мінусе на 8500 рублёў з-за таго, што атрымліваў дапамогу і не знаходзіўся там», – распавядае Мікалай Курэйчык, былы супрацоўнік заводу МТЗ.

Як пракаментавалі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, паведаміць пра выезд з дзіцём за мяжу можна любым зручным спосабам, нават праз электронную пошту. Галоўнае, каб тэрмін са дня выезду не перавышаў пяць дзён. А вось перыяд вяртання сродкаў чыноўнікі будуць вызначаць індывідуальна для кожнай сям’і.

Ніка Несцярэнка, Ала Пірумава, «Белсат»