Запазычанае жыццё беларусаў


Беларусы набралі крэдытаў на амаль што 16 мільярдаў рублёў – і тым самым усталявалі новы рэкорд. Для прыкладу, яшчэ на пачатку года лічба была меншай на 90 мільёнаў. Як сведчыць статыстыка Нацбанку, у асноўным пазычаюць сродкі на нерухомасць. На ўласнае жыццё, то бок на спажывецкія крэдыты, попыт падае. Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук звязвае гэта з недаверам беларусаў да фінансавай палітыкі ўладаў.

«Перш за ўсё гэта сведчыць пра тое, што, па-першае, сталі больш жорсткімі варункі атрымання крэдытаў, па другое, заробкі і тыя аперацыі, якія сёння існуюць, адбываюцца ў сітуацыі, калі насельніцтва не давярае фінансавым арганізацыям і думае, што будзе большая інфляцыя і атрыманне крэдытаў не адаб’ецца пазітыўна на стане іхнай гаспадаркі», – лічыць Яраслаў Раманчук.

Вялізныя адсоткі, пад якія банкі і фінансавыя арганізацыя выдаюць крэдыты, таксама не выклікаюць даверу беларусаў, лічыць эканаміст. Напрыклад, пасля таго, як мінулай восенню банкі пагоршылі ўмовы крэдытнай палітыкі, пазыка ў спажывецкіх таварах пачала падаць.

«Калі такія крэдыты толькі зʼявіліся і беларусы яшчэ не мелі такога досведу, падавалася так: о, добра! Няма грошай на пралку або на нейкі камбайн кухонны, або на тэлефон – ну добра, возьмеш капейку, а потым аддасі. Людзі падлічылі, колькі яны за гэта грошай заплацілі, праслязіліся і сказалі: не, больш, мы так рабіць не будзем», – разважае Яраслаў Раманчук.

Але як усё ж такі захаваць свае грошы ва ўмовах фінансавага і палітычнага крызісу ўнутры краіны? Адказ беларусы ўсё часцей шукаюць на рынку нерухомасці. Яраслаў Раманчук тлумачыць гэта так: адныя бачаць у гэтым доўгатэрміновыя інвестыцыі, другія – магчымасць зарабіць на розніцы адсоткаў ва ўмовах высокае інфляцыі. Але ні першае, ні другое эканаміст ня лічыць жыццяздольным планам.

«Гэта не інвестыцыі, гэта проста выдаткі. І, нягледзячы на тое, што шмат беларусаў маюць магчымасць інвеставаць у фінансавы сусветны рынак, яны гэтага не разглядаюць, бо не ведаюць. Інерцыя такой несучаснай мадэлі інвеставання, распараджэння фінансамі і прыводзіць да таго, што толькі тры гэтыя опцыі: валюта, дэпазіты або нерухомасць – і разглядаюцца», – дзеліцца сваім меркаваннем эканаміст.

А таму, дзеля дабрабыту, замест жыцця ў крэдыт – трэба не толькі пазбывацца састарэлай непатрэбшчыны, але і вучыцца ды смела ісці ў будучыню.

Надзея Бельская, «Белсат»