«Ён ведаў, што нам усім пагражае, і ўсё роўна ішоў на сваю ранішнюю прабежку». У Кіеве знайшлі павешаным Віталя Шышова


Старшыню Беларускага дому ва Украіне Віталя Шышова знайшлі павешаным у парку на ўскрайку Кіева. Віталь знік 2-га жніўня. Пошукі яго вяліся амаль содні. Нашая здымачная група выехала на месца падзеяў і запісала каментары сяброў Віталя, якія непасрэдна былі на апазнанні цела.
Віталь Шышоў, меркавана, 2-га жніўня выйшаў на прабежку і не вярнуўся. Сябра і калега Віталя Юрый Шчучко распавёў пра пошукі:
«Цела знайшлі сёння а восьмай раніцы. Знайшоў адзін з блізкіх сяброў, з якім мы заставаліся тут да гадзіны ночы. Набіралі тэлефон Віталя ў надзеі пачуць званок. А пятай гадзіне раніцы павінна была прыехаць нацгвардыя для пошукаў. Прыехалі працаўнікі паліцыі, іх было вельмі шмат. Яны пачалі праводзіць апытанне жыхароў дамоў паблізу. А мы пайшлі ў лес. А праз некаторы час наш таварыш пабачыў здалёк цела павешанага. У куртцы, падобнай да той, у якой быў Віталь. Таварыш набліжацца не стаў і паклікаў нас. З намі былі працаўнікі паліцыі, мы падышлі разам. І я пазнаў Віталя. Працаўнікі паліцыі сказалі, што ў яго зламаны нос і што нехта брудна спрацаваў».
Ва Украіне Віталь Шышоў вядомы як актывіст, арганізатар пратэставых акцый і валанцёр. У межах дзейнасці арганізацыі ён дапамагаў грамадзянам Беларусі, якія ўцяклі ва Украіну, з пошукам здымнага жытла, легалізацыяй і працаўладкаваннем. Віталь пераехаў ва Украіну восенню мінулага года. У Беларусі ён браў удзел у гомельскіх пратэстах у жніўні 2020 года.
«Быў момант, калі мы назіралі сачэнне. Але потым усё спынілася. Але зноўку, я не магу сцвярджаць на 100 адсоткаў, але, мы адчувалі, вялося сачэнне за Бажэнай, таксама і за Віталём. З улікам таго, што мы ведаем, чый гэта почырк – вешаць людзей у лесе… Дакладна гэта чарговы ўдар рэжыму Аляксандра Лукашэнкі па актыўных грамадзянах Беларусі, якія змагаюцца за яе свабоду і незалежнасць. Віталь ведаў, што нам усім пагражае – і ўсё роўна ішоў на сваю ранішнюю прабежку», – разважае Юрый Шчучко.
Паліцыя пачала крымінальную справу паводле артыкулу аб наўмысным забойстве: будуць спраўджвацца ўсе версіі, у тым ліку і замаскаванае пад суіцыд забойства.
«Калі прыязджалі сёння раніцай на месца збору, з’явілася інфармацыя, што Віталя знайшлі павешаным на дрэве. Гэта азначае, што кожны беларус, нават не дома, не знаходзіцца ў бяспецы. У нас няма абароны: ні там, ні тут. Там нас саджаюць, тут забіваюць. І гэта трагедыя нашага народу», – на ўмовах ананімнасці выказала сваё меркаванне валанцёрка.
Украіна – гэта першая краіна, куды выязджаюць беларусы, адзначаюць грамадскія актывісты. Паводле звестак мытнай службы Украіны, з леташняга траўня па гэты чэрвень ва Украіну заехалі 257 тысяч беларусаў. Інфармацыі, колькі з іх засталіся ва Украіне, ведамства не мае. Тым не менш, Украіна застаецца небяспечнай для беларусаў, якія вымушаны бегчы ад рэжыму, адзначае Алена Талстая, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам».
«Не будзем рабіць акцэнтаў на тым, «правыя» ці не «правыя», бо мы памятаем забойства Шарамета, які быў журналістам. Мы маглі б казаць, што ягоная журналісцкая дзейнасць абараняе ад падобных рэчаў, але абсалютна не. Мы абсалютна разумеем, што ўсе гэтыя рэчы звязаныя са спецслужбамі. Усё, што цяпер абдумваюць беларусы – гэта датычнасць антыбеларускіх і, магчыма, расейскіх спецслужбаў да таго, што цяпер адбываецца тут з беларусамі», – кажа Алена Талстая.
З моманту правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 9-га жніўня мінулага года рэпрэсіі супраць нязгодных з афіцыйным курсам беларусаў працягваюцца дагэтуль. Як унутры краіны, так і за яе межамі.
Ірына Кананенка, Сяргей Калодзій, «Белсат», Кіеў