Плату за навучанне ў ВНУ падымаюць на 10 %


Самастойна, але цэнтралізавана – вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны падымаюць плату за навучанне. Рост адбудзецца ў межах дзесяці адсоткаў, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка:

«Тут трэба разумець, што апошняе падвышэнне было ў нас у сакавіку 2020 года, а за гэты перыяд з 1 студзеня 2021 года павялічылася базавая стаўка, павялічыўся мінімальны заробак, былі паднятыя тарыфы на некаторыя камунальныя ды іншыя паслугі. Натуральна, падвышэнне ў межах 10 % – гэта абгрунтаваная лічба, пралічаная і прапрацаваная ў сістэме адукацыі ды з кожнай канкрэтнай установай адукацыі».

Пра падаражэнне паведаміла ўжо і прэс-служба БНТУ. Паводле новай стаўкі, што пачне дзеяць з верасня, цана года навучання пачынаецца ад чатырох тысяч беларускіх рублёў. У тым ліку і для першакурснікаў, хоць раней у міністэрстве заяўлялі, што для іх кошт не зменіцца.

Эканаміст Леў Львоўскі адзначае, што такое падвышэнне кошту вынікае з рэкорднага дэфіцыту бюджэту і адпавядае інфляцыі, якую па выніках года прагназуюць акурат каля дзесяці адсоткаў.

«Гэтае павышэнне ў звычайныя часы было б звычайным улікам інфляцыі. Але цяпер час незвычайны. Зразумела, што ў крызісны час урад звычайна стараецца не падвышаць ніякіх коштаў. Нават калі глядзець на гісторыю Беларусі, то ў часе палітычнай турбулентнасці ўрад стараўся зніжаць кошт паслуг у рэальным вымярэнні», – кажа Леў Львоўскі.

Аналітык Вадзім Мажэйка дадае, што кошт беларускай адукацыі не мае зразумелага абгрунтавання між іншага праз непразрыстасць бюджэту, у які сцякаюцца грошы і дзяржаўныя, і ад платнікаў, і ад камерцыйных паслуг навучальных установаў.

«Безумоўна, частка іх сапраўды ідзе на заробак выкладчыкам, а частка ідзе на новую прыгожую службовую машыну для рэктара ці міністра але ў якой прапорцыі гэта ідзе мы наўпрост не ведаем», – адзначае Вадзім Мажэйка.

Прыярытэтам дзейнасці ўніверсітэту павінны быць сучасныя веды і якасная адукацыя, адзначае аналітык. Беларуская ж сістэма адукацыі пільнуе, каб універсітэты былі кропкаю кантролю, і змаганне з вальнадумствам лічыцца больш важным за наданне якасных ведаў.

«І студэнтаў можна кідаць за краты, і выкладчыкаў выкідаць паводле прынцыпу нелаяльнасці. Вядома, калі звальняюць некага за палітыку, апошняе, пра што думаюць, – як гэта адаб’ецца на якасці адукацыі», – кажа Вадзім Мажэйка.

А пасля падвышэння аплаты беларуская адукацыя робіцца неканкурэнтаздольнай не толькі ў якасці, але і ў кошце.

«З улікам апошняга росту мы бачым, што напрыклад для замежных студэнтаў, якія пільна глядзяць менавіта на кошт, то шмат якія ўкраінскія ВНУ, асабліва ў рэгіёнах, атрымліваюцца таннейшымі за беларускія, асабліва калі мы таксама параўноўваем кошт жыцця», – лічыць Вадзім Мажэйка.

Апроч адтоку адмыслоўцаў з адукацыяй назіраецца і адток з краіны моладзі – студэнтаў і абітурыентаў.

«У нейкім сэнсе адукацыя становіцца для Беларусі як для краіны яшчэ больш стратнай, бо ўсё большы адсотак выпускнікоў, калі ўсё працягнецца як цяпер, апынецца за мяжой і будзе прымяняць свае веды за мяжой», – кажа Леў Львоўскі.

Тыя ж, каго дзяржава вучыць бясплатна, не хочуць працаваць за мізэрны заробак паводле размеркавання. Толькі на Берасцейшчыне з такіх выпускнікоў сёлета спагналі амаль 500 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі за навучанне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»